Мінск 13:54

За тыдзень у Беларусь прыбыло амаль 5 тыс. грамадзян Украіны

Ілюстрацыйнае фота: freepik.com

31 студзеня, Позірк. За тыдзень (з 6:00 24 студзеня да 6:00 31 студзеня) у Беларусь прыбыло 4.964 грамадзяніны Украіны (тыднем раней — 5.512), сведчыць праведзены “Позіркам” аналіз даных Дзяржаўнага пагранічнага камітэта.

Транзітам праз Польшчу накіравалася 3.836 чалавек (4.404), Літву — 1.096 (1.048), Латвію — 32 (60).

Усяго з 24 лютага 2022 года ў Беларусь прыбыло 305.496 грамадзян Украіны: непасрэдна праз украінска-беларускую мяжу — 15.989, транзітам праз Польшчу — 224.402, Літву — 58.280, Латвію — 6.825.

Паводле інфармацыі Дзяржпагранкамітэта, за 2024 год у Беларусь уехаў 134.561 грамадзянін Украіны. У прыватнасці, як сцвярджалася, з тэрыторыі Украіны гэта зрабіла 68 чалавек, транзітам праз Польшчу — 107.154, Літву — 25.362, Латвію — 1.977. Паводле прыблізных разлікаў “Позірку”, у 2023 годзе ў Беларусь уехала больш за 71 тыс. грамадзян Украіны, такім чынам, за год іх колькасць вырасла прыкладна ў 1,9 раза.

“Дзяржпагранкамітэт Беларусі займаецца несумленнай падачай лічбаў і чыстай вады маніпуляцыяй”, — заявіў у інтэрв’ю “Позірку” летась у лютым амбасадар па асаблівых даручэннях МЗС Украіны па Беларусі Ігар Кізім. Паводле яго слоў, гаворку трэба весці пра звычайныя паездкі грамадзян Украіны ў Беларусь.

Дыпламат адзначыў, што ў адкрытых крыніцах даных пра колькасць украінцаў, якія выехалі з Беларусі, не знайсці. “Сумленным і прыстойным з боку ДПК было б даваць гэтую статыстыку”, — лічыць ён.

Згодна з данымі ААН на 16 студзеня 2024 года, па ўсім свеце налічвалася 6.863.400 украінскіх уцекачоў. З іх 6.303.200 было зарэгістравана ў Еўропе, 560.200 — па-за яе межамі.

24 лютага 2022 года Расія пачала поўнамаштабную вайну супраць Украіны. Мінск садзейнічае агрэсіі Масквы.

Падзяліцца: