Мінск 23:57

У 2020 годзе некаторыя НДА спрабавалі здзейсніць у Беларусі дзяржаўны пераварот — пастаянная прадстаўніца ў ААН Бельская

7 лютага, Позірк. Грамадзянская супольнасць у Беларусі “актыўная”, у краіне налічваецца “каля 1.500 грамадскіх арганізацый, у тым ліку жаночых”, заявіла пастаянная прадстаўніца Мінска пры Аддзяленні ААН і іншых міжнародных арганізацыях у Жэневе Ларыса Бельская.

Яе выказванні падчас абмеркавання чарговай справаздачы аб выкананні Беларуссю палажэнняў Канвенцыі аб ліквідацыі ўсіх форм дыскрымінацыі ў дачыненні да жанчын прыводзіць партал упраўлення вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека.

Рэагуючы на абвінавачванні ў рэпрэсіях супраць арганізацый грамадзянскай супольнасці, Бельская заявіла, што ў Беларусі “ў 2020 годзе была зробленая спроба здзяйснення дзяржаўнага перавароту некаторымі няўрадавымі арганізацыямі, якія займаліся антыўрадавай дзейнасцю”. “Рашэннем суда гэтыя арганізацыі і іх члены былі прызнаныя адказнымі за парушэнне закона. Гэта не варта лічыць рэпрэсіямі супраць грамадзянскай супольнасці”, — сказала Бельская.

Паводле яе слоў, у 2023 годзе ў Беларусі “быў прыняты новы закон аб дзейнасці грамадзянскай супольнасці, які патрабаваў ад арганізацый перарэгістравацца”. “Многія няўрадавыя арганізацыі не прайшлі новую працэдуру рэгістрацыі і былі закрытыя. Грамадзяне маюць права аднавіць дзейнасць ранейшых няўрадавых арганізацый”, — адзначыла пастаянная прадстаўніца.

Падчас дыскусіі, як паведамляецца, беларуская дэлегацыя заявіла, што ацэнкі Камітэта ААН па правах чалавека адносна рэпрэсій “не з’яўляюцца адэкватнымі”. “Пратэсты, якія прайшлі ў Беларусі ў справаздачны перыяд, у многіх выпадках не былі мірнымі. Пэўныя экстрэмісцкія дзеянні былі здзейсненыя работнікамі СМІ. Урад працуе над павышэннем разумення сітуацыі”, — цытуе беларускі бок партал.

“На жаль, напружаны фон, які штучна ствараецца па палітычных матывах вакол маёй краіны, можа перашкаджаць канструктыўным і прадметным дыскусіям. Гэта выхалашчвае саму ідэю супрацоўніцтва ў сферы правоў чалавека як механізму падтрымкі намаганняў дзяржаў. Спадзяюся, што сёння мы з вамі не трапім у гэты тупік”, — прыводзіць словы Бельскай сайт пастаяннага прадстаўніцтва Беларусі пры ААН у Жэневе.

У яе дакладзе, апублікаванай на гэтым сайце, гаворыцца, што на 1 кастрычніка 2024 года ў краіне дзейнічала 1.466 грамадскіх аб’яднанняў, у мінулым годзе было зарэгістравана 18 новых арганізацый (5 рэспубліканскіх і 13 мясцовых).

Паводле звестак праваабарончай арганізацыі Lawtrend, за перыяд пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года і да студзеня 2025-га ў Беларусі ліквідавана не менш за 1.896 НДА — аб’яднанняў, прафсаюзаў, фондаў, недзяржаўных устаноў, асацыяцый. Яшчэ не менш за 1.187 некамерцыйных арганізацый на канец студзеня гэтага года знаходзіліся ў працэсе прымусовай ліквідацыі.

Камітэт ААН па ліквідацыі ўсіх формаў дыскрымінацыі ў дачыненні да жанчын апублікуе заключныя заўвагі па справаздачы Беларусі ў канцы сваёй 90-й сесіі 21 лютага.

3 лютага ў згаданым камітэце была заслуханая справаздача аб становішчы жанчын у Беларусі, падрыхтаваная экспертамі Беларускага Хельсінкскага камітэта, праваабарончых арганізацый Human Constanta і “Наш дом”, Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў, Кааліцыі супраць гендэрнага і хатняга гвалту.

Адзначалася, у прыватнасці, што Канстытуцыя краіны “не забяспечвае эфектыўнай абароны ад дыскрымінацыі”, “правы жанчын на адукацыю і ахову здароўя абмежаваныя”. Паводле інфармацыі аўтараў справаздачы, у краіне “інстытуцыйна замацаваныя дыскрымінацыйныя палажэнні аб харчаванні; жанчыны і дзяўчынкі не маюць доступу да садавіны і арэхаў, што прыводзіць да доўгатэрміновай рызыкі для здароўя”.

Падкрэслівалася, што “доступ жанчын да правасуддзя падрываецца пастаянным пераследам жанчын-праваабаронцаў”. “На жанчын-актывістак навешвалі ілжывыя ярлыкі тэрарыстаў, нягледзячы на іх мірныя дзеянні. Дзяржава сістэматычна ліквідоўвала розныя арганізацыі грамадзянскай супольнасці, у тым ліку многія з тых, што аказвалі падтрымку жанчынам. Амаль 2.000 няўрадавых арганізацый былі вымушаныя ліквідавацца. Усе жаночыя арганізацыі, якія падрыхтавалі альтэрнатыўныя справаздачы для камітэта ў межах апошняга агляду, былі ліквідаваныя. З-за палітычнага падаўлення адвакатаў знайсці юрыдычную дапамогу надзвычай складана. У 2022 годзе ўрад прымусова ліквідаваў усе прафсаюзы. У турмах застаюцца шэсць жанчын — актывістак прафсаюзаў”, — гаворыцца ў дакуменце.

Паводле звестак аўтараў даклада, у Беларусі не менш за 139 жанчын з’яўляюцца палітычнымі зняволенымі. Яны “не маюць доступу да медыцынскага абслугоўвання і пастаянна зазнаюць жорсткае абыходжанне”. Жанчыны-зняволеныя “сутыкаліся з прымусовай працай і сучаснымі формамі рабства”. Калі жанчыны адмаўляліся працаваць, іх змяшчалі ў “клеткі ганьбы” і прымушалі стаяць на вуліцы на працягу некалькіх гадзін. Яны “зараблялі ад пяці да 10 еўра ў месяц і зазнавалі суровыя пакаранні за невыкананне плана”.

“Калі ў міліцыю паступалі заявы аб выпадках хатняга гвалту, яна правярала палітычную дзейнасць ахвяры, а не аказвала падтрымку. Ахвяры і агрэсары запрашаліся разам на сустрэчы з прадстаўнікамі ўлады, што спрыяла беспакаранасці”, — адзначалася ў дакладзе.

Таксама канстатавалася, што “жанчыны-мігранты ўразлівыя для гандлю людзьмі і гвалту”, што “хатні гвалт не з’яўляецца падставай для прадастаўлення прытулку ў Беларусі”.

Камітэт па ліквідацыі дыскрымінацыі ў дачыненні да жанчын складаецца з незалежных экспертаў, якія ажыццяўляюць маніторынг выканання Канвенцыі ААН аб ліквідацыі ўсіх формаў дыскрымінацыі ў дачыненні да жанчын. У склад камітэта ўваходзяць 23 эксперты па правах жанчын з розных краін.

29 студзеня ў заяве незалежных экспертаў па правах чалавека, што дзейнічаюць у межах Савета па правах чалавека ААН, выказвалася “глыбокая заклапочанасць адсутнасцю эфектыўных расследаванняў па заявах аб гендэрным гвалце і жорсткім абыходжанні з жанчынамі ў месцах папярэдняга зняволення і выпраўленчых калоніях Беларусі”.

Падзяліцца: