Мінск 01:48

У Гомельскай вобласці заявілі пра “стабільную радыяцыйную абстаноўку” пасля атакі дрона на ЧАЭС

Пашкоджаны канфайнмент над 4-м энергаблокам ЧАЭС
Фота: сацсеткі МАГАТЭ

14 лютага, Позірк. На 14 лютага “радыяцыйная абстаноўка стабільная, магутнасць дозы гама-выпраменьвання на пунктах назіранняў радыяцыйнага маніторынгу атмасфернага паветра адпавядае шматгадовым значэнням”, заявіў начальнік галоўнага ўпраўлення па праблемах ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС Гомельскага аблвыканкама Дзмітрый Руткоўскі.

Чыноўнік выказаўся на гэты конт у сувязі з “інцыдэнтам, які адбыўся сёння ўначы, на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі”.

“Нашыя спецыялісты сумесна з філіялам “Гомельаблгідрамет” і Палескім дзяржаўным радыяцыйна-экалагічным запаведнікам на сталай аснове праводзяць маніторынг магутнасці дозы гама-выпраменьвання ў рэгіёне”, — цытуе Руткоўскага тэлеграм-канал аблвыканкама.

Пра атаку “расійскага ўдарнага дрона з фугаснай баявой часткай” на ЧАЭС паведаміў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі. Паводле яго слоў, напад адбыўся ў ноч на 14 лютага.

Удар прыпаў на сховішча, якое “беражэ свет ад радыяцыі разбуранага чацвёртага энергаблока ЧАЭС”. “Гэтае сховішча Украіна будавала разам з іншымі краінамі Еўропы і свету, разам з Амерыкай — з усімі, хто хоча сапраўднай бяспекі для людзей”, — адзначыў Зяленскі.

Прэзідэнт Украіны заявіў, што радыяцыйны фон не падвышаўся, нягледзячы на “істотныя пашкоджанні” сховішча.

Міжнароднае агенцтва па атамнай энергіі (МАГАТЭ) паведаміла, што прыкладна ў 01:50 яго каманда, што працуе на Чарнобыльскай пляцоўцы, “пачула выбух”.

Беларускі дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская заявіла, што “ўзрушаная атакай расійскага беспілотніка” на ЧАЭС.

Падзяліцца: