Мінск 21:28

Новыя абмежавальныя меры ЕС у дачыненні да Беларусі “люстрана адбіваюць гандлёвыя санкцыі” супраць РФ

Ілюстрацыйнае фота: pixabay.com

24 лютага, Позірк. 16-ы пакет санкцый Еўрасаюза супраць Расіі, зацверджаны 24 лютага ў сувязі з трэцяй гадавінай агрэсіі супраць Украіны, “уключае ў сябе дадатковыя абмежавальныя меры ў дачыненні да Беларусі”, гаворыцца ў прэс-рэлізе Еўрапейскага савета.

Адзначаецца, што гэтыя меры “люстрана адбіваюць гандлёвыя санкцыі, узгодненыя супраць Расійскай Федэрацыі, а таксама іншыя меры, такія як абмежаванні на продаж або наданне паслуг і праграмнага забеспячэння, дэпазітаў і крыптавалютных кашалькоў, а таксама на транспартныя перавозкі”.

Акрамя таго, савет “увёў новы крытэрый уключэння ў пералік, скіраваны супраць юрыдычных або фізічных асоб, якія падтрымліваюць або атрымліваюць выгаду ад ваенна-прамысловага комплексу Беларусі”, гаворыцца ў рэлізе.

Новыя санкцыі закранулі “48 асоб і 35 арганізацый, адказных за дзеянні, што падрываюць або пагражаюць тэрытарыяльнай цэласнасці, суверэнітэту і незалежнасці Украіны”. Ці маюцца сярод іх беларускія фізічныя і юрыдычныя асобы стане вядома пасля абнародавання дакумента.

Афіцыйны Мінск падтрымлівае расійскую агрэсію супраць Украіны, распачатую 24 лютага 2022 года.

У дачыненні да Беларусі ўведзена некалькі пакетаў еўрапейскіх санкцый як праз падтрымку расійскай агрэсіі, так і ў сувязі з парушэннем правоў чалавека ў краіне.

Падзяліцца: