Мінск 07:06

Алексіевіч: Не адрэфлексавалі камунізм, ГУЛАГ, таму ўсё да нас і вяртаецца

Святлана Алексіевіч і літоўскі літаратар, дысідэнт, праваабаронца Томас Венцлава (Вільнюс, 28 лютага 2025 года)
Фота: "Позірк"

28 лютага, Позірк. Кнігу пра беларускую “рэвалюцыю“ 2020 года, пра тое, як змяніліся беларусы за прамінулы з тае пары час, з працоўнай назвай “У чаканні варвараў” працягвае пісаць лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры 2015 года Святлана Алексіевіч.

Пісьменніца, якая прыехала ў Літву для ўдзелу ў Вільнюскім кніжным кірмашы і запісу размоў з героямі сваёй новай кнігі, 28 лютага сустрэлася з чытачамі ў шэлтары “Замак” беларускай арганізацыі “Дапамога”.

“Гэта вельмі складаная кніга. Я вось сустракаюся з вельмі шматлікімі людзьмі, учора мы акурат размаўлялі з Палінай [Шарэнда-Панасюк] пра ўсё гэта, — сказала Алексіевіч. — Гэта была цікавая размова, таму што чалавек толькі што, у гэтую хвіліну выйшаў з пекла, у яго яшчэ ўсё свежае (Шарэнда-Панасюк выйшла на волю 1 лютага 2025 года, правёўшы ў зняволенні 4 гады і 29 дзён, пасля вызвалення пакінула Беларусь. — “Позірк”.)”.

“Я думаю, што ў гэтым сіла нас, беларусаў: толькі што выйшаўшы адтуль, яна не казала пра нянавісць, там было больш слоў любові. Цяпер я гэтых слоў вельмі шмат чую. Я думаю, што гэта адзінае, што можа выцягнуць нас з пекла”, — дадала пісьменніца.

Лаўрэат Нобелеўскай прэміі канстатавала, што беларусам складана: “У нас забралі краіну, у нас хочуць забраць годнасць; увогуле гэта вялізнае гістарычнае прыніжэньне, якое мы цяпер перажываем”.

“Вядома, усё гэта вельмі цяжка перадумаць, адрэфлексаваць, з гэтым жыць, пра гэта размаўляць са сваімі дзецьмі, нават адзін з адным. У нас вельмі шмат псіхалагічнай працы, — падкрэсліла яна. — Але я думаю, калі мы разам, гэтую працу лягчэй рабіць. Неяк не прынята было ў нашай гісторыі адрэфлексаваць рэчы: ні камунізм не адрэфлексавалі, ані ГУЛАГ, усё гэта таму да нас і вяртаецца. <…> Нам трэба збірацца не толькі з радасных нагод, у нас павінны быць такія клубы размовы пра тое, што з намі адбылося”.

На думку Алексіевіч, будучыня “не абяцае нічога добрага, ва ўсякім разе [добрая будучыня] няхутка будзе”. Разам з тым, перакананая яна, “нельга паставіць сваё жыццё проста на чаканне, трэба жыць”.

“Гэта адзінае тваё жыццё — трэба любіць, трэба па меры магчымасці нешта ў доме рабіць, каб было прыгожа, нешта з дзецьмі знаходзіць, нейкія словы, — адзначыла спікер. — Гэта жыццё. Трэба атрымліваць прафесію, вучыць мовы. Новай Беларусі патрэбныя будуць не толькі рэвалюцыянеры. Я не хачу, каб рэвалюцыянеры рамантавалі мне потым зубы або шылі паліто”.

“Нам патрэбныя прафесіяналы, нам патрэбныя новыя людзі Беларусі. Кожны з нас гэта павінен рабіць сёння, таму што робячы сябе, захоўваючы сябе сёння, мы становімся больш патрэбнымі будучыні людзьмі. Адчай жарэ душу, гэта рэч небяспечная. Нават нуда — рэч небяспечная. <…> Не трэба, каб нуда нас жэрла, трэба знаходзіць выратаванне — адзін у адным, у працы, у будучыні”, — заявіла Алексіевіч.

Падзяліцца: