Мінск 22:52

Ціханоўская: Добраахвотнікі палка Каліноўскага — сучасныя героі

Фота: прэс-служба ПКК

9 сакавіка, Позірк. У беларускай гісторыі “ёсць шмат выбітных асоб мінулых стагоддзяў”, але добраахвотнікі палка імя Кастуся Каліноўскага “паказалі: сёння ў Беларусі ёсць сучасныя героі”. Пра гэта заявіла дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская з нагоды трэцяй гадавіны стварэння воінскага фарміравання.

“З першых дзён поўнамаштабнай вайны беларусы далучыліся да абароны Украіны. Яны выбралі не жыць па прынцыпе “мая хата з краю”. Бо гэтая вайна не чужая — вораг у нашых краін адзін і той жа. Ва ўкраінцаў спрабуюць адабраць тое, без чаго баімся застацца і мы — без права на сваю мову, гісторыю і культуру. Без права на свае землі і самавызначэнне”, — адзначыла палітык.

Паводле яе слоў, за мінулыя тры гады многія даведаліся, “як беларусы ваююць на франтах Украіны, ратуюць людзей з-пад абстрэлаў”. “Але адважныя, мужныя беларусы цяпер не толькі на полі бою, — дадала яна. — Людзі сталі героямі, бо ўзяліся дапамагаць зброяй, медыцынай, інфармацыяй, грашыма, ахвяруючы сваім часам, сродкамі і нават бяспекай. Беларусы працуюць у гуманітарных місіях, дапамагаюць уцекачам, перадаюць медыкаменты і пераганяюць машыны. Кожны з іх — прыклад таго, што мы не проста марым аб свабодзе, але ўносім уклад, каб дамагчыся яе як мага хутчэй”.

Ціханоўская сказала, што “беларусы там, дзе трэба быць”. “Мы не заўсёды ведаем іх у твар. Мы не можам ведаць імёны. Але ад таго, што іх прозвішчы не крычаць з загалоўкаў, яны не перастаюць быць героямі. Мы памятаем тых, хто загінуў, і шануем іх адданасць і смеласць. Мы памятаем Міхаіла Жызнеўскага (беларускі журналіст, удзельнік Еўрамайдана, загінуў у Кіеве 22 студзеня 2014 года, Герой Украіны. — Позірк“.), “Брэста” (Іван Марчук, загінуў 26 чэрвеня 2022 года. — “Позірк”.) і Машу Зайцаву (загінула 17 студзеня 2025 года. — Позірк“.). Памятаем “Тура” (Аляксей Скобля, загінуў 13 сакавіка 2022 года. — Позірк“.) і тых, пра каго напісана толькі “імя не раскрываюць”, — падкрэсліла дэмлідар.

“У нас не пытаюцца, ці хочам мы жыць падчас вялікіх падзей. Але калі ўжо давялося, беларусы робяць усё, каб гэтыя падзеі вялі да перамогі. Жыве Беларусь і Слава Украіне!” — рэзюмавала палітык.

Батальён імя Кастуся Каліноўскага быў створаны 9 сакавіка 2022 года. 26 сакавіка таго ж года ён увайшоў у склад Узброеных сіл Украіны, а 21 траўня было абвешчана аб яго трансфармацыі ў полк.

У Беларусі па факце стварэння ПКК распачатая крымінальная справа, ён прызнаны “экстрэмісцкім фарміраваннем”, любая дапамога ці намер яе аказання, жаданне ўступіць у полк жорстка пераследуецца ўладамі.

25 верасня стала вядома, што ПКК прызнаны беларускімі ўладамі “тэрарыстычнай арганізацыяй”. У адказ на гэта полк заявіў, што прызнае “тэрарыстычнай арганізацыяй” рэжым Аляксандра Лукашэнкі.

Паводле звестак СМІ, з пачатку поўнамаштабнай вайны ў баях супраць Расіі загінула не менш за 64 беларускія добраахвотнікі.

Падзяліцца: