Мінск 02:14

Хрэнін абмеркаваў з міністрам абароны Ірана двухбаковае ваеннае супрацоўніцтва

12 сакавіка, Позірк. “Бягучы стан двухбаковага ваеннага супрацоўніцтва” і “шляхі яго інтэнсіфікацыі ў галінах, якія ўяўляюць узаемную цікавасць”, абмеркавалі на сустрэчы ў Мінску 12 сакавіка міністр абароны Беларусі Віктар Хрэнін і міністр абароны і падтрымкі Узброеных сіл Ірана Азіз Насірзадэ.

Як паведамляе прэс-служба беларускага абароннага ведамства, па выніках сустрэчы бакі падпісалі “выніковы пратакол візіту”.

Пасля перамоў, як заяўляецца, “кіраўнікі абаронных ведамстваў Беларусі і Ірана аддалі даніну павагі загінулым у гады Вялікай Айчыннай вайны і ўсклалі кветкі да манумента Перамогі на плошчы Перамогі ў Мінску”.

Сустрэчу з іранскім міністрам правёў таксама дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Аляксандр Вальфовіч. “Бакі абмяняліся думкамі па актуальных пытаннях міжнароднага парадку дня і абмеркавалі перспектывы развіцця ўзаемадзеяння”, — гаворыцца па выніках гэтай сустрэчы.

Пра візіт іранскага міністра паведамлялася напярэдадні.

Падчас візіту Аляксандра Лукашэнкі ў Іран у 2023 годзе была падпісаная дарожная карта ўсебаковага супрацоўніцтва на 2023–2026 гады.

Лукашэнка і прэзідэнт Ірана Масуд Пезешкіян сустракаліся на палях саміту БРІКС у кастрычніку 2024 года.

13 жніўня 2024 года “пытанні ўзаемадзеяння ў інфармацыйнай сферы” на сустрэчы ў Мінску абмеркавалі начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай працы Міністэрства абароны Беларусі Леанід Касінскі і кіраўнік дэпартамента сродкаў масавай інфармацыі Генеральнага штаба Узброеных сіл Ірана Маджтаба Абдалмалекі.

Летась 7 жніўня паведамлялася пра перамовы ў Тэгеране камандуючага ВПС і войскамі СПА Беларусі Андрэя Лук’яновіча з камандзірам ВПС Ірана Хамідам Вахедзі.

31 ліпеня 2024 года дэлегацыя Міністэрства абароны і падтрымкі Узброеных сіл Ірана падчас візыту ў Мінск абмеркавала з беларускімі калегамі перспектывы супрацоўніцтва ў сферы інжынернага забеспячэння.

16 траўня 2024-га ў Міністэрстве абароны Беларусі ўпершыню з моманту ўстанаўлення дыпламатычных стасункаў (18 сакавіка 1993 года) быў акрэдытаваны ваенны аташэ пры пасольстве Ірана ў Расіі і Беларусі (па сумяшчальніцтве) капітана першага рангу Рэза Хосраві Могадам.

2 траўня летась стала вядома, што ў Тэгеране завяршыліся камандна-штабныя вучэнні “Пояс бяспекі 2024”, у якіх прымалі ўдзел беларускія вайскоўцы.

27 красавіка 2024-га міністр абароны Беларусі Віктар Хрэнін на сустрэчы са сваім іранскім калегам Махамадам Рэзай Ашціяні заявіў пра гатоўнасць Беларусі “развіваць і ўмацоўваць” супрацоўніцтва з Тэгеранам ва ўмовах міжнародных санкцый. Ашціяні ў сваю чаргу адзначыў, што Іран і Беларусь “падзяляюць погляды на асноўныя рэгіянальныя і міжнародныя праблемы і заўсёды падтрымлівалі пазіцыі адзін аднаго”. Ён падкрэсліў “высокі патэнцыял” дзвюх краін “у ваенным і абаронным сектарах”, адзначыўшы “гатоўнасць Тэгерана да больш цеснага супрацоўніцтва з Мінскам”.

31 ліпеня 2023 года ў Тэгеране Хрэнін і Ашціяні падпісалі мемарандум аб ваенным супрацоўніцтве, дэталі якога дагэтуль невядомыя (аналітыкі амерыканскага Інстытута вывучэння вайны меркавалі тады, што міністры маглі абмяркоўваць магчымасць вытворчасці ў Беларусі іранскіх дронаў-камікадзэ).

Падзяліцца: