Еўрапейскі суд зноў адхіліў пазоў кампаніі “Дана Астра” аб зняцці санкцый

19 сакавіка, Позірк. Еўрапейскі суд у Люксембургу 19 сакавіка адмовіўся здымаць санкцыі з зарэгістраванай у Мінску будаўнічай кампаніі Dana Astra (“Дана Астра”) сербскіх бізнесменаў Карычаў.
Згодна з рашэннем суда, кампанія застанецца ў санкцыйным спісе як тая, што падтрымлівае рэжым Аляксандра Лукашэнкі і атрымлівае ад яго выгоды.
У абгрунтаванні, у прыватнасці, сказана, што ўладальнікі Dana Astra “падтрымліваюць цесныя адносіны з Аляксандрам Лукашэнкам“, а “Лілія Лукашэнка, нявестка прэзідэнта, займае ў кампаніі высокую пасаду“.
Адвакаты “Дана Астра“, хадайнічаючы аб зняцці санкцый, паказалі на шэраг нядаўніх захадаў, здзейсненых супраць кампаніі “рэжымам прэзідэнта Лукашэнкі“, спрабуючы прадэманстраваць, што яна “не карыстаецца ніякім прэферэнцыйным рэжымам ад гэтага рэжыму, а наадварот, рэжым ставіцца да яе неспрыяльна”.
“Заяўнік звяртае ўвагу на варожае асяроддзе для замежных прадпрыемстваў, створанае рэжымам прэзідэнта Лукашэнкі, і на негатыўны ўплыў мер, прынятых рэжымам у гэтым кірунку, на вядзенне бізнесу заяўніка ў Беларусі, у прыватнасці на развіццё [жылога комплекса] “Мінск Свет”. Такім чынам, у выніку гэтых мер развіццё гэтага цэнтра было істотна затрыманае і цяпер ажыццяўляецца са стратамі і пад прымусам“, — гаворыцца ў дакуменце.
Еўрапейскі суд адзначае, што заяўнік з’яўляецца адным з асноўных забудоўшчыкаў нерухомасці ў Беларусі, якія развіваюць “Мінск Свет“, “які сам заяўнік называе найбуйнейшай інвестыцыяй такога кшталту ў Еўропе“. Такім чынам, суд мяркуе, што “заяўнік здабывае выгаду з рэжыму прэзідэнта Лукашэнкі і падтрымлівае яго”.
Прымаючы пад увагу “памер і прэстыжны характар “Мінск Свету“, “пацверджаны публічнымі заявамі самога прэзідэнта Лукашэнкі, а таксама асаблівую важнасць гэтага цэнтра для эканомікі Беларусі“, суд устанавіў, што гэтыя фактары “дэманструюць падтрымку з боку заяўніка рэжыму Лукашэнкі”.
На думку суда, заяўніку не ўдалося даказаць, што прыняцце абмежавальных мер у дачыненні да кампаній з “недружалюбных краін“ сведчыць аб негатыўным стаўленні да яго рэжыму Лукашэнкі, але нават калі б і сведчыла, гэта не прымусіла б усумніцца ў тым, што заяўнік працягвае здабываць выгаду ад супрацоўніцтва з рэжымам.
Еўрапейскі суд пастанавіў пакінуць моц санкцый, уведзеных супраць кампаніі, “Дана Астра” павінна будзе таксама аплаціць судовыя выдаткі.
У красавіку 2022 года ўрад Беларусі пастановай № 209 зацвердзіў пералік “замежных дзяржаў, якія здзяйсняюць недружалюбныя дзеянні ў дачыненні да беларускіх юрыдычных і (або) фізічных асоб“. Да іх прылічаныя ўсе краіны Еўрасаюза, а таксама Новая Зеландыя, Албанія, Ісландыя, Паўночная Македонія, Вялікабрытанія, ЗША, Чарнагорыя, Швейцарыя. Сербіі ў спісе не было.
У ліпені таго ж года ўрад вызначыў пералік са 190 беларускіх юрыдычных асоб з уласнікамі з дзяржаў, якія “здзяйсняюць недружалюбныя дзеянні”, якім забаронена адчужаць свае долі (акцыі) у статутных фондах. Пасля спіс некалькі разоў пераглядаўся, у кастрычніку 2023 года ў ім фігуравала 1.796 арганізацый.
Зарэгістраваная ў Мінску будаўнічая кампанія Dana Holdins (“Дана Холдынгс/Дана Астра”) кантралюецца братамі Багалюбам і Драгамірам Карычамі, сербскімі бізнесменамі. З’яўляецца адным з асноўных дэвелапераў і забудоўшчыкаў у Беларусі. Багалюб Карыч у 2022 годзе трапіў у санкцыйны спіс ЕС.
Восенню 2020 года выданне EU Observer апублікавала расследаванне аб маёмасных сувязях Dana Holdnigs з сынам Аляксандра Лукашэнкі Віктарам і яго жонкай Ліліяй Лукашэнка праз кіпрскія афшорныя кампаніі.
17 снежня 2020 года Савет ЕС унёс кампанію ў санкцыйны спіс. Пазней яна трапіла пад санкцыі Вялікабрытаніі, Швейцарыі, Албаніі, Ісландыі, Ліхтэнштэйна, Нарвегіі, Паўночнай Македоніі, Чарнагорыі, якія далучыліся да новых пакетаў санкцый.
У сакавіку 2023 года Dana Holdings/Dana Astra трапіла ў санкцыйны спіс Японіі.
У чэрвені 2023 года Еўрапейскі суд у Люксембургу адмовіўся здымаць санкцыі з Dana Astra. Згодна з рашэннем, кампанія застанецца ў санкцыйным спісе як тая, што падтрымлівае рэжым Лукашэнкі і якая атрымлівае выгоды ад гэтага.
У лютым 2025 года высокі суд Англіі і Уэльса адхіліў пазоў ЗТАА “Дана Астра“ супраць дзяржаўнага сакратара па замежных справах, справах Садружнасці і развіцці Вялікабрытаніі. У пазове сцвярджалася, што зарэгістраваная на Кіпры “Дана Астра“ церціць ад шэрагу абмежаванняў з боку ўладаў Беларусі, бо лічыцца імі заходняй кампаніяй.
- ПалітыкаХроніка палітычных рэпрэсій за 27 сакавіка 2025 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Выбары, Палітыка
- Грамадства, Палітыка, Эканоміка
- Грамадства, Палітыка, ЭканомікаЗа мінулы год Беларусь не наблізілася да ўстойлівасці, сістэма не адаптуецца да крызісаў — даследаванне (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Палітыка, Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Палітыка, Эканоміка
- Эканоміка
- Грамадства
- Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- Эканоміка
- Грамадства, ПалітыкаХроніка палітычных рэпрэсій за 22–26 сакавіка 2025 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+