Мінск 08:43

У Івацэвіцкім раёне з пачатку 2026 года за гвалт над блізкімі прыцягнута да адказнасці 52 чалавекі

29 верасня, Позірк. У Івацэвіцкім раёне (Брэсцкая вобласць) у 2026 годзе ў дачыненні да 52 мясцовых жыхароў пачаты адміністрацыйны працэс за гвалтоўныя дзеянні да блізкіх сваякоў, членаў сям’і або былых членаў сям’і, паведамляе Генеральная пракуратура.

Яны асуджаныя паводле арт. 10.1 КаАП (наўмыснае прычыненне цялеснага пашкоджання).

У прыватнасці, 58-гадовы мясцовы жыхар у красавіку зладзіў скандал 52-гадовай жонцы. Мужчына паводзіў сябе агрэсіўна, гучна крычаў, лаяўся, хапаў жонку за руку, а потым ударыў кулаком у вобласць галавы, чым прычыніў жанчыне фізічны боль і маральныя пакуты, адзначаецца ў паведамленні. Пракурор раёна ініцыяваў адміністрацыйны працэс у дачыненні да грамадзяніна. Суд наклаў на яго штраф.

Адзначаецца, што для недапушчэння больш цяжкіх злачынстваў пракуратура, дзейнічаючы ў інтарэсах ахвяр сямейных агрэсараў, без заявы пацярпелых ад супрацьпраўных дзеянняў узбудзіла 6 крымінальных спраў прыватна-публічнага і прыватнага абвінавачвання: пра пагрозу забойствам, катаванні і наўмысным прычыненні лёгкага цялеснага пашкоджання па арт.186, 154 і 153 Крымінальнага кодэкса.

Адзін з фігурантаў-59-гадовы мясцовы жыхар, які ў стане алкагольнага ап’янення падчас сямейнага скандалу пагражаў забіць сужыцельку. Мужчына нанёс ёй множныя ўдары па целе, а затым узяў кухонны нож і прыставіў да жывата. Жанчына ўспрыняла такія пагрозы як рэальныя, аднак адмовілася падаваць заяву аб прыцягненні сужыцеля да крымінальнай адказнасці, паколькі баялася помсты.

Раней мужчына неаднаразова прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці за гвалт у сям’і, злоўжывае спіртнымі напоямі.

На падставе ч. 5 арт. 26 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса пракурор раёна распачаў крымінальную справу пры адсутнасці заявы асобы, якая пацярпела ад супрацьпраўных дзеянняў.

Для арганізацыі папярэдняга расследавання пракурор накіраваў крымінальную справу ў Івацэвіцкі раённы аддзел Следчага камітэта.

У Беларусі няма закона аб супрацьдзеянні хатняму гвалту. Праект адпаведнага дакумента распрацоўваўся некалькі разоў. У кастрычніку 2018 года чарговы варыянт рэзка раскрытыкаваў Аляксандр Лукашэнка, назваўшы яго “дурасцю, узятай найперш з Захаду“.

Падзяліцца: