Мінск 09:11

У Хоцімскім раёне вынесены прысуд за атрыманне і дачу хабару

29 верасня, Позірк. Да 4 гадоў пазбаўлення волі са штрафам у памеры 600 базавых велічынь (27 тыс. рублёў) прыгавораны начальнік аддзела матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння “аднаго з буйных дзяржаўных прадпрыемстваў“ Магілёўскі вобласці па ч. 1 і 2 арт. 430 Крымінальнага кодэкса (атрыманне хабару). Пра гэта паведамляе Генеральная пракуратура са спасылкай на рашэнне суда Хоцімскага раёна.

Фігурант на 5 гадоў пазбаўлены права займаць пасады, звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распарадчых і адміністрацыйна-гаспадарчых абавязкаў.

Хабарадавальнік асуджаны па ч. 1 арт. 431 КК (дача хабару) да абмежавання волі на 1,5 года з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, ён аштрафаваны на 500 базавых велічынь (22,5 тыс. рублёў).

Агульная сума хабараў перавысіла 18 тыс. рублёў.

Устаноўлена, што начальнік аддзела матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння прадпрыемства на працягу двух гадоў “неаднаразова прымаў для сябе грашовыя сродкі ад прадстаўнікоў камерцыйных арганізацый“.

Хабары перадаваліся “за ажыццяўленне дзеянняў, накіраваных на прадастаўленне канкурэнтных пераваг перад іншымі ўдзельнікамі працэдур закупак тавараў для вытворчых аб’ектаў прадпрыемства”.

Паведамляецца, што фігуранты прызналі віну, раскаяліся ў здзейсненым. Хабараатрымальнік заплаціў даход, атрыманы злачынным шляхам.

Прысуд яшчэ не набыў моц.

За першыя шэсць месяцаў 2026 года на 12,5% павялічылася колькасць асуджаных за карупцыйныя злачынствы ў параўнанні з аналагічным перыядам 2025-га, вынікае са статыстыкі Вярхоўнага суда. Усяго за гэты перыяд за карупцыю асуджана 342 чалавекі (у студзені — чэрвені 2025 года — 304).

Найчасцей прысуды выносіліся па справах аб хабарах (арт. 430 КК) — 150 (93), за атрыманне хабару асуджаны 21 чалавек (12).

Аляксандр Лукашэнка прыйшоў да ўлады ў 1994 годзе шмат у чым дзякуючы вобразу змагара з карупцыяй і працягвае выкарыстоўваць гэтую тэму. За больш чым 30 гадоў карупцыя так і не была пераможаная.

Падзяліцца: