Мінск 09:11

Лукашэнка заявіў пра гатоўнасць пашырыць “поўнафарматны дыялог” з Батсванай

Сцяг Батсваны
Ілюстрацыйнае фота: pixabay.com

30 верасня, Позірк. “Нязменную гатоўнасць Мінска да пашырэння поўнафарматнага дыялогу з Габаронэ” выказаў Аляксандр Лукашэнка, віншуючы 30 верасня прэзідэнта Батсваны Думу Боку з Днём Незалежнасці.

На думку віншавальніка, якую прыводзіць яго прэс-служба, сумесныя праекты ў прамысловасці, сельскай гаспадарцы і адукацыі дазволяць “закласці трывалы фундамент для доўгатэрміновага і ўзаемавыгаднага партнёрства на карысць абодвух народаў”.

Лукашэнка лічыць Батсвану прыкладам “высокаэфектыўнага дзяржаўнага ладу і трывалага інстытуцыянальнага будаўніцтва на Афрыканскім кантыненце”.

Дыверсіфікацыя эканомікі, а таксама “прагматычны курс сацыяльна-эканамічнага развіцця і прыхільнасць дэмакратычным прынцыпам”, паводле сцвярджэння палітыка, замацавалі за Батсванай “статус адной з аўтарытэтных у рэгіёне” краін.

Звяртае на сябе ўвагу той факт, што гэтым разам Лукашэнка не стаў запрашаць прэзідэнта Батсваны наведаць Мінск. У віншаванні, адрасаваным Боку ў 2025 годзе, такая прапанова утрымлівалася. У ім таксама адзначалася, што краіны маюць “сур’ёзны патэнцыял для нарошчвання ўзаемнага гандлю і паглыблення двухбаковых сувязей ва ўсіх сферах”.

Тады Лукашэнка выказаў спадзеў, што “ў найбліжэйшы час” бакі выйдуць на “сумесныя праекты ў сферах мадэрнізацыі прамысловасці, забеспячэння харчовай бяспекі, механізацыі сельскай гаспадаркі ды іншых, якія маюць прынцыповае значэнне для абедзвюх дзяржаў”.

Батсвану ён назваў “добрым партнёрам у Паўднёвай Афрыцы”.

2 ліпеня 2025 года віцэ-прэм’ер Віктар Каранкевіч абмеркаваў на сустрэчы з міністрам міжнародных стаскнкаў (аналаг кіраўніка МЗС) гэтай дзяржавы Феніа Бутале развіццё аграпрамысловага комплексу, прамысловасці, пастаўкі сельскагаспадарчай, пасажырскай, дарожна-будаўнічай, камунальнай тэхнікі.

Бутале адзначыў, што супраца дзвюх краін “не можа быць зведзеная толькі да сельскай гаспадаркі”. Ён заявіў, што ў Батсване “самая лепшая дзелавая атмасфера”, краіна мае “палітычную, эканамічную стабільнасць, высокія эканамічныя рэйтынгі”.

“Мірная перадача ўлады, якая адбылася ў 2024 годзе, таксама паказвае, на наш погляд, што інвестар у Батсване абаронены. Наша краіна добра месціцца ў геаграфічным плане, і беларускія інвестары, якія прыходзяць, могуць засноўваць вытворчасці, якія стануць выхадам на рынак не толькі Паўднёвай Афрыкі, але і на афрыканскі рынак у цэлым”, — адзначыў Бутале.

Напярэдадні перагавораў з віцэ-прэм’ерам міністр сустрэўся з беларускім калегам Максімам Рыжанковым. Бакі дамовіліся працаваць над стварэннем сумеснай камісіі па супрацы.

Планавалася “актывізаваць абмен двухбаковымі візітамі, у тым ліку на найвышэйшым узроўні”, таксама падкрэслівалася “неабходнасць актыўнай, арыентаванай на вынікі працы па фармаванні прадметнага парадку дня для такіх візітаў”.

Лукашэнка, віншуючы Боку з перамогай яго партыі на ўсеагульных выбарах і яго абраннем на найвышэйшую пасаду 11 лістапада 2024 года, адзначыў “перспектывы супрацы ў гарантаванні харчовай бяспекі і трансферы тэхналогій у аграпрамысловым комплексе, горназдабыўной прамысловасці інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій”.

Батсвана атрымала незалежнасць ад Вялікабрытаніі 30 верасня 1966 года. У Батсване больш за 10 палітычных партый, аднак усе кіраўнікі дзяржавы раней прадстаўлялі толькі адну — Дэмакратычную партыю Батсваны.

На выбарах 2024 года перамагла кааліцыя “У абарону дэмакратычных перамен”, якую ўзначальвае Бока.

Дыпламатычныя стасункі паміж Беларуссю і Батсванай усталяваныя ў 2003 годзе. Узаемны знешні гандаль блізкі да нуля.

Падзяліцца: