Ціханоўская: Незалежнасць не звалілася нам з неба, за яе змагаліся пакаленні

25 марта, Позірк. Цырымонія ўзняцця бел-чырвона-белага сцяга каля Сейма Літвы ў Вільнюсе адбылася 25 сакавіка, у 107-я ўгодкі абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР).
Беларускую гістарычную і нацыянальную сімволіку ўзнялі ў прысутнасці дэмакратычнага лідара Святланы Ціханоўскай і членаў яе каманды, шэрагу літоўскіх дэпутатаў і замежных дыпламатаў, дзясяткаў прадстаўнікоў беларускай дыяспары.
“Сёння не проста дзень, гэта наш Дзень Волі, — адзначыла Ціханоўская. — Я хачу шчыра падзякаваць літоўскаму Сейму і шаноўным дэпутатам за тое, што мы адзначаем гэтае свята разам. “Беларусь незалежная!” — гэтая словы ўпершыню прагучалі 107 гадоў таму ў Менску. Гэтыя словы прагучалі і змяні ход гісторыі”.
“Незалежнасць не звалілася нам з неба, як некаторыя цяпер кажуць. За яе змагаліся пакаленні: паўстанцы Каліноўскага і Касцюшкі, адраджэнцы “Нашай Нівы”, настаўнікі і сяляне. Нават калі здавалася, што ўсё страчана, беларусы не здаваліся, не апускалі рукі і працягвалі барацьбу. Сёння я адчуваю вялікі гонар, калі слухаю гімн БНР. Але яшчэ больш, калі бачу наш сцяг. Сцяг, які стаў сімвалам надзеі, пратэсту, але галоўнае — нязломнасці беларусаў”, — дадала яна.
Звярнуўшы ўвагу на тое, што “бел-чырвона-белы сцяг нарадзіўся разам з незалежнасцю” Беларусі, палітык назвала сімвалічным тое, што яго стваральнік Клаўдзій Дуж-Душэўскі “жыў тут, у Літве”.
“Як і “Пагоню”, гэты сцяг не раз спрабавалі забараніць, — канстатавала дэмлідар. — За яго кідалі ў сталінскія турмы, збівалі і зневажалі. Але беларусы зноў і зноў выносілі яго на вуліцу. [Заснавальнік праваабарончага цэнтра “Вясна”, лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру, палітвязень] Алесь Бяляцкі ўзняў яго над Менскам яшчэ да распаду СССР, а [слынная актывістка] Ніна Багінская несла яго на мітынгі і пікеты ў пратэст супраць расейскай акупацыі”.
“Я шчыра веру, што пакуль лунае наш сцяг, пакуль гучыць беларуская мова, пакуль у нас ёсць такія саюзнікі, як Літва і ўсе прысутныя тут краіны, мы вернем сабе сваю незалежнасць і абавязкова даб’емся свабоды. Што б ні рабіў рэжым — бязвыбары ды інаўгурацыі, рэпрэсіі ды ваенныя правакацыі, яму не ўдасца вярнуць сабе легітымнасць і спыніць нашу волю да свабоды. Рэжыму не ўдасца адгарадзіць нас ад Еўропы, пасварыць з суседзямі і ціха здаць нашу краіну [прэзідэнту РФ Уладзіміру] Пуціну”.
Беларусь, як некалі Літва, “абавязкова пройдзе свой шлях да свабоды”, а беларусы “адродзяць сваю краіну і вернуцца ў еўрапейскую сям’ю, да якой гістарычна належаць”, упэўненая Ціханоўская. Беларускі дэмлідар падзякавала за салідарнасць “літоўскім палітыкам з усіх партый, з ураду і апазіцыі”, а таксама “звычайным літоўцам”.
“Дзякуй усім дыпламатам, якія прысутнічаюць тут сёння, вы разам з намі на гэтым шляху, мы гэта цэнім. <…> Калі вы падтрымліваеце дэмакратычную Беларусь, вы падтрымліваеце больш моцную, бяспечную і вольную Еўропу. Еўропу без тыраніі ці страху. Таму таксама давайце і надалей падтрымліваць Украіну, бо іх барацьба — гэта наша супольная барацьба за свабоду і каштоўнасці, якія нас вызначаюць. <…> Мы не павінны здраджваць прынцыпам, якія робяць нас еўрапейцамі”, — заклікала Ціханоўская.
Палітык падзякавала беларусам за тое, што яны не здаюцца, вераць і працягваюць барацьбу: “Хоць сёння мы ўздымаем наш сцяг у Вільні, бо ў Беларусі за гэта можна атрымаць гады турмы, я веру, што мы абавязкова зробім гэта зноў у Менску і абавязкова выгукнем разам “Жыве Беларусь!”.
Увечары 25 сакавіка на Лукішскай плошчы літоўскай сталіцы адбудзецца мітынг з нагоды 107-х угодкаў абвяшчэння незалежнасці БНР, а таксама шэсце да амбасады Беларусі.
- Палітыка
- Палітыка, Эканоміка
- Эканоміка
- Палітыка
- Грамадства
- Палітыка
- Эканоміка
- Навіны Германіі, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- ЭканомікаУ Мінску амаль траціна арганізацый стратная, у цэлым па краіне — чвэрцьМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Эканоміка
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- Навіны Германіі, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка