Мінск 03:36

Літоўскі дэпутат Павілёніс заклікаў беларусаў умацаваць сваю свабоду разам з еўраатлантычнай сям’ёй

Жыгімантас Павілёніс
Фота: "Позірк"

25 сакавіка, Позірк. Беларусы не змогуць дамагчыся свабоды ў адзіночку, дэпутат Сейма Літвы, намеснік старшыні парламенцкай групы “За дэмакратычную Беларусь” Жыгімантас Павілёніс 25 сакавіка на цырымоніі ўзняцця каля літоўскага парламента бел-чырвона-белага сцяга з нагоды 107-годдзя абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі.

“Вы павінны ўмацаваць сваю свабоду разам з еўраатлантычнай сям’ёй. Гэта адзіны спосаб выжыць на тэрыторыі, дзе мы жывем”, — заявіў парламентарый.

Павілёніс выказаў радасць ад таго, што беларусы сёння “аб’яднаныя як ніколі”, маючы “лідара і веру ў свабоду”.

“Я вельмі ганаруся тым, што вы зрабілі гэты геапалітычны паварот на Захад. У вашай барацьбе [у 2020 годзе] не хапала менавіта гэтага геапалітычнага рашэння”, — сказаў ён.

Віцэ-спікер літоўскага Сейма “ад сябе асабіста” даў беларусам “некалькі бясплатных рэкамендацый, гледзячы ў будучыню”.

“Па-першае, перастаньце размаўляць па-руску. Проста спыніцеся, — заклікаў ён. — Гэта мова вашага акупанта. Вучыце беларускую, вучыце літоўскую, вучыце ўсе іншыя еўрапейскія мовы, таму што вы — лепшыя дыпламаты сваёй свабоды. Вы мусіце перакласці сваю свабоду на ўсе іншыя еўрапейскія мовы. Гэта адзіны шлях. Але пачніце з беларускай”.

“Па-другое, пакуль вы ўзмацняеце сваё знаходжанне ў дружалюбных сталіцах ЕС і НАТО, не забывайцеся, што ваша галоўная мэта — пазбавіцца ад гэтага рэжыму, змагацца ўнутры Беларусі. Гэта паваротны момант. Гэтыя тыдні, месяцы, гады могуць вызначыць дзесяцігоддзі вашай будучыні”, — сказаў дэпутат.

Трэцюю параду Павілёніс даў, будучы “крыху больш дыпламатычным”, паколькі на цырымоніі былі амерыканскія дыпламаты: “Вучыцеся казаць “не” не толькі ворагам, але і сябрам”.

“Тым, хто ўступае на шлях саступак, спрабуе дагаджаць рэжыму Лукашэнкі, хто спрабуе абмяняць вашу свабоду на некалькіх зняволеных, скажыце “не”, — заклікаў ён. — Лукашэнка бачыў многіх амерыканскіх прэзідэнтаў і, магчыма, пабачыць яшчэ некалькіх. Але калі вы пойдзеце гэтым шляхам, вы страціце сваю свабоду”.

“Я працытую прэзідэнта Рэйгана (здаецца, гэта было ў 1966 годзе). Ён сказаў, што любыя саступкі Маскве вядуць да канчатковай паразы. Любая амерыканская адміністрацыя, якая пачынае са саступак, звычайна заканчвае тым, што апладыруе літоўцам, палякам і ўкраінцам за нашу мудрасць, паколькі мы жывем тут ужо тысячу гадоў і ведаем, як мець справу з рускімі”, — дадаў Павілёніс.

Беларускую гістарычную і нацыянальную сімволіку ўзнялі ў прысутнасці дэмакратычнага лідара Святланы Ціханоўскай і членаў яе каманды, шэрага літоўскіх дэпутатаў і замежных дыпламатаў, дзясяткаў прадстаўнікоў беларускай дыяспары.

Увечары 25 сакавіка на Лукішскай плошчы літоўскай сталіцы адбудзецца мітынг з нагоды 107-й гадавіны абвяшчэння незалежнасці БНР, а таксама шэсце да амбасады Беларусі.

Падзяліцца: