Мінск 10:38

Рыжанкоў у Нью-Ёрку заклікаў на міжнародным узроўні забараніць абмежаванні на пастаўкі медпрадукцыі падчас НС

Архіўнае відэа: медыясэрвіс ААН / стоп-кадр: "Позірк"

26 верасня, Позірк. Увесці міжнародныя абавязацельствы “непрымянення любых абмежаванняў на пастаўкі медыцынскай прадукцыі падчас надзвычайных сітуацый” заклікаў міністр замежных спраў Беларусі Максім Рыжанкоў 25 верасня ў штаб-кватэры ААН у Нью-Ёрку на нарадзе высокага ўзроўню па прадухіленні пандэмій.

Як заяўляе прэс-служба беларускага знешнепалітычнага ведамства, на гэтай сустрэчы чыноўнік “праінфармаваў пра досвед Беларусі ў пераадоленні наступстваў пандэміі COVID-19, які на практыцы даказаў сваю правільнасць”.

“[Рыжанкоў] раскрытыкаваў палітыку пратэкцыянісцкіх і ізаляцыйных мер, якую прасоўваў Захад у той перыяд і якая прывяла да парушэння транспартна-лагістычных ланцужкоў, манаполіі на распрацоўку вакцын і кантролю за іх размеркаваннем, — гаворыцца ў паведамленні. — Выступіў за салідарнасць у галіне глабальнай аховы здароўя, якая мае выяўляцца ў своечасовым абмене інфармацыяй, правядзенні сумесных даследаванняў і ўмацаванні эпідэміялагічнага нагляду”.

Варта адзначыць, што сцвярджэнні Рыжанкова толькі часткова адпавядаюць фактам. Сапраўды, у перыяд пандэміі розныя краіны выкарыстоўвалі пратэкцыянісцкія меры, у тым ліку такія, што прыводзілі да парушэнняў ланцужкоў паставак. Сусветная арганізацыя аховы здароўя ды іншыя міжнародныя арганізацыі ў 2021 годзе наўпрост казалі пра “вакцынны нацыяналізм”: заможныя дзяржавы наўпрост заключалі кантракты з вытворцамі на непрапарцыйна вялікія аб’ёмы вакцын, гэта ўскладняла працу механізму COVAX, які быў створаны для больш справядлівага размеркавання прэпаратаў паміж краінамі. Пры гэтым гаворка ішла не выключна пра “краіны Захаду”, а перш за ўсё пра багатыя дзяржавы. Акрамя таго, абмежаванні на экспарт уводзілі і іншыя краіны. Напрыклад, Індыя — адзін з найбуйнейшых у свеце вытворцаў вакцын і ключавы пастаўшчык COVAX — увесну 2021 года рэзка абмежавала пастаўкі за мяжу на фоне цяжкай унутранай хвалі ковіду.

Казаць пра манапалізацыю краінамі Захаду распрацоўкі або вытворчасці адпаведных вакцын таксама няправільна. Паводле даных Сусветнай гандлёвай арганізацыі, да канца траўня 2022 года на Кітай прыпадала каля 40,1% сусветнай вытворчасці вакцын, Еўрасаюз — 24,6%, Індыю — 16,3%, ЗША — 10,6%, Расію — 1,9%, астатнія краіны — каля 6,5%.

Адначасова ЕС быў найбуйнейшым экспарцёрам вакцын: да канца траўня 2022 года на яго прыпадала каля 39,6% сусветнага трансгранічнага экспарту, на Кітай — каля 32,2%.

Разам з тым беларускія ўлады самі зрабілі стаўку на расійскія і кітайскія прэпараты. У кастрычніку 2021 года Аляксандр Лукашэнка публічна заявіў, што ў краіне не будуць выкарыстоўваць заходнія Pfizer, Moderna і Johnson & Johnson, у адваротным выпадку тыя нібыта змогуць “ехаць на Захад — інструкцыі атрымліваць”.

Паводле інфармацыі прэс-службы МЗС, 25 верасня 2026 года Рыжанкоў таксама паўдзельнічаў у міністэрскай сустрэчы Групы сяброў Альянсу цывілізацый. Сярод іншага ён заявіў пра “канфлікт цывілізацый, які захоўваецца і мэтанакіравана культывуецца Захадам у мэтах дэстабілізацыі краін глабальнай большасці праз падбухторванне да войнаў, сілкаванне рэгіянальных канфліктаў, увядзенне аднабаковых прымусовых мер”. Чыноўнік заявіў пра “нацыянальныя дасягненні па заахвочванні культурнай і рэлігійнай разнастайнасці ў Беларусі”, а таксама “падкрэсліў недапушчальнасць рэалізацыі асобнымі членамі групы палітыкі, спалучанай з дыктатам, пагрозамі і незаконнымі санкцыямі”.

“[Міністр] адзначыў, што падвойныя стандарты, якія вядуць да цывілізацыйнай напружанасці, маюць быць скасаваныя. У гэтай сувязі заклікаў выключыць аднабаковыя прымусовыя меры з практыкі выбудоўвання ўзаемаадносін”, — гаворыцца ў паведамленні.

Супраць “аднабаковых прымусовых мер і другасных незаконных санкцый” чыноўнік таксама выступіў на 11-й міністэрскай сустрэчы Групы сяброў-аднадумцаў у падтрымку краін з сярэднім узроўнем даходу. Ён заклікаў да “фармавання справядлівых і роўных умоў для супрацы ўсіх краін без выключэння”.

На пасяджэнні Групы сяброў у абарону Статута ААН “была прыцягнутая ўвага да забеспячэння норм міжнароднага права, а таксама неабходнасці актывізацыі міжнародных намаганняў па забеспячэнні выканання палажэнняў” статута арганізацыі. “Выказаны заклік выкарыстоўваць розныя каналы ўзаемадзеяння з дзяржавамі — членамі ААН у мэтах умацавання даверу і зніжэння канфліктнага патэнцыялу ў свеце”, — падкрэсліла прэс-служба МЗС.

Падтрымку крокам Пекіна па “забеспячэнні ўстойлівага развіцця ў свеце, у тым ліку праз аказанне неабходнай дапамогі краінам, якія падзяляюць гэтыя падыходы”, Рыжанкоў выказаў на арганізаванай Кітаем нарадзе высокага ўзроўню па пытаннях Ініцыятывы глабальнага развіцця.

Падзяліцца: