Мінск 16:21

Брат байца палка Каліноўскага Дзяніса Урбановіча ўтрымліваецца ў СІЗА КДБ — СМІ

Максім Урбановіч
Фота: svaboda.org

6 красавіка, Позірк. Максім Урбановіч — малодшы брат байца беларускага палка імя Кастуся Каліноўскага Дзяніса Урбановіча — утрымліваецца ў следчым ізалятары Камітэта дзяржбяспекі, паведамляе тэлеканал “Белсат” са спасылкай на свае крыніцы.

Паводле звестак выдання, Урбановіч не выйшаў на волю праз трое сутак пасля затрымання.

“Гэта дае падставы меркаваць, што следчыя арыштавалі яго яшчэ як мінімум на 10 сутак. Невядома, ці распачатая крымінальная справа і ў якім статусе трымаюць Максіма Урбановіча пад вартай”, — гаворыцца ў паведамленні.

Пра затрыманне брата добраахвотніка стала вядома 2 красавіка. Адзначалася, што кватэру, у якой Максім Урбановіч пражываў са сваёй дзяўчынай, пасля ператрусу апячаталі.

Паведамлялася, што ён даўно не падтрымлівае адносін з ваюючым ва Украіне братам, не меў зносіны з ім мінімум два гады.

Увесну 2024 года Максіма Урбановіча ўжо затрымлівалі. Тады ён вызваліўся 26 сакавіка пасля 10 сутак адміністрацыйнага арышту паводле абвінавачання ў “дробным хуліганстве”. Праваабаронцы ж заяўлялі, што мужчына быў “моцна збіты” і змешчаны ў следчы ізалятар КДБ.

Грамадскі актывіст Дзяніс Урбановіч некаторы час узначальваў арганізацыю “Малады фронт”. Гэта заснаваны ў 1997 годзе апазіцыйны рух, які ў жніўні 2022-га ўлады ў Мінску прызналі “экстрэмісцкім фарміраваннем” (ніколі не быў зарэгістраваны ў Беларусі).

У чэрвені 2020 года і сакавіку — красавіку 2021-га ён адбываў 15-сутачны арышт. У жніўні 2021 года Урбановіча затрымлівалі ў Нароўлі (Гомельская вобласць), падазравалі ў “арганізацыі масавых беспарадкаў” у Мазыры ў жніўні 2020-га.

Праз рызыку зазнаць крымінальны пераслед Дзяніс Урбановіч напрыканцы 2021 года нелегальна выехаў ва Украіну, пасля далучыўся да палка Каліноўскага. У траўні 2022 года быў цяжка кантужаны, у студзені 2023-га атрымаў раненні.

Падзяліцца: