Латвія падоўжыла забарону на ўвоз з Беларусі сельгаспрадукцыі і кармоў для жывёл

6 красавіка, Позірк. Латвія падоўжыла да 1 ліпеня 2026 года забарону на імпарт сельскагаспадарчай прадукцыі і кармоў для жывёл з Беларусі і Расіі, паведаміў 6 красавіка партал навін Delfi.
Адпаведныя папраўкі ў заканадаўства прынятыя Сеймам у канчатковым чытанні 3 красавіка.
Паводле слоў кіраўніка парламенцкага камітэта па народнай гаспадарцы, аграрнай, экалагічнай і рэгіянальнай палітыцы Каспарса Брышкенса, рашэнне з’яўляецца “часткай палітыкі эканамічнай бяспекі Латвіі”.
Дэпутат назваў такую забарону на імпарт “важным дадатковым элементам агульнай палітыкі санкцый ЕС супраць краін-агрэсараў”.
Забарона на ўвоз у Латвію сельгаспрадукцыі і кармоў для жывёл з Беларусі і Расіі дзейнічае з 8 сакавіка 2024 года. Яна распаўсюджваецца таксама на імпарт такіх тавараў беларускай і расійскай вытворчасці з трэціх краін.
5 красавіка паведамлялася, што нацыянал-кансерватыўная партыя Латвіі “Нацыянальнае аб’аднанне” прапануе цалкам забараніць гандаль таварамі беларускага і расійскага паходжання.
“Нацыянальнае аб’яднанне” займае ў Сейме Латвіі 12 крэслаў з 100. Утварае парламенцкую апазіцыю разам з партыямі “Аб’яднаны спіс” (13), “Стабільнасць!” (10), “Латвія на першым месцы” (8) і шэрагам непартыйных дэпутатаў (4).
Дэпутат ад “Нацыянальнага аб’яднання” Яніс Вітэнбергс (міністр транспарту ў 2022–2023 гадах) адзначыў, што ў крамах “па-ранейшаму можна знайсці” розныя тавары, вырабленыя ў Беларусі і РФ, хоць санкцыі ЕС у дачыненні да гэтых краін “дзейнічаюць ужо некалькі гадоў”.
Латвія, адмовіўшыся ад гандлю адпаведнай прадукцыяй, “стане прыкладам для іншых краін ЕС” і будзе садзейнічаць “больш эфектыўнай рэалізацыі санкцыйнай палітыкі”, лічыць Вітэнбергс.
Вайна РФ супраць Украіны, у якой рэжым Аляксандра Лукашэнкі падтрымлівае Крэмль, паводле слоў дэпутата, зрабіла гандаль з Мінскам і Масквой не проста амаральным, гэта “анўпрост падтрымка эканомікі агрэсара”, перакананыя ў “Нацыянальным аб’яднанні”. У Латвіі, адзначае палітычная структура, па-ранейшаму працуюць “дзясяткі прадпрыемстваў, якія імпартуюць харчаванне і іншыя тавары” з Беларусі і РФ, чым “ускосна фінансуюць іх ваенны патэнцыял”.
Партыя распрацавала праект рашэння аб забароне на гандаль беларускімі і расійскімі таварамі з 1 ліпеня 2025 года. Яна заклікае прэм’ер-міністра Эвіку Сіліню “зрабіць неабходныя захады для ўвядзення поўнай забароны” і ў супрацы з уладамі Літвы і Эстоніі “дамагацца аналагічнай забароны ва ўсёй Балтыі”. “Нацыянальнае аб’яднанне” таксама прапануе кіраўніцы латвійскага ўрада ініцыяваць “істотнае падвышэнне мытных тарыфаў” на тавары з Беларусі і РФ на ўсёй тэрыторыі Еўрасаюза.
Афіцыйны Мінск падтрымлівае Маскву ў развязанай ёю 24 лютага 2022 года поўнамаштабнай вайне супраць Украіны. У дачыненні да Беларусі ўведзена некалькі пакетаў еўрапейскіх санкцый як праз падтрымку расійскай агрэсіі, так і ў сувязі з парушэннем правоў чалавека ў краіне.
У верасні 2023 года праз узрослую плынь нелегальных мігрантаў з боку Беларусі Латвія на нявызначаны тэрмін закрыла і забарыкадавала пункт пропуску Сілене (Урбаны). У адказ Савет міністраў Беларусі ўнёс у пералік тавараў, забароненых да ўвозу і продажу ў краіне, асобную прадукцыю латвійскай вытворчасці. Пад забарону трапілі “кава, джэмы, садавінавыя жэле, мармелад, садавіна, арэхі, сокі, воды, піва, моцныя спіртныя і іншыя зброджаныя напоі, нагавіцы, панчохі, гольфы, шкарпэткі, а таксама цэгла, блокі і аналагічныя вырабы з керамікі”.
У траўні 2024 года беларускі ўрад пашырыў пералік забароненых тавараў — у тым ліку за кошт латвійскай прадукцыі. У яго ўнеслі “піва, зброджаныя напоі, сродкі для догляду за скурай, для валасоў, для галення, для гігіены поласці рота і зубоў, дэзадаранты, склады для ваннаў, мыла, ачышчальныя сродкі, дываны на падлогу, мужчынскае тэкстыльнае адзенне, абутак з верхам з натуральнай скуры, галаўныя ўборы, пасцельныя прыналежнасці, посуд сталовы, кухонны з фарфору і шкляны, асновы матрацныя, лакі, фарбы, пліты, лісты, плёнкі з пластмас, цэтлікі і этыкеткі з паперы, кардону”.
Сцвярджалася, што адпаведная пастанова прынятая ў якасці меры ў адказ у тым ліку на рашэнне Латвіі забараніць імпарт з Беларусі харчовай прадукцыі па асобных пазіцыях.
- ГрамадстваУлады Мінска ўвязалі падвышэнне кошту праезду ў грамадскім транспарце з ростам выдаткаў прадпрыемстваўМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- ЭканомікаЗа два тыдні на аб'ектах АПК згарэў трактар, яшчэ адзін сур'ёзна пашкоджаны, агнём знішчана 126,5 т саломыМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- ЭканомікаБеларусь апусцілася на 4-е месца ў ЕАЭС па росце сельгасвытворчасці, год таму яна была лідарамМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- ГрамадстваУ 2024 годзе ў Мінску здзейснілі больш за 6,5 млн паездак на арэндных электрасамакатах — дырэктар шэрынгавай кампанііМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Навіны Германіі, Палітыка
- Эканоміка
- Палітыка, Эканоміка
- Грамадства
- Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- Эканоміка
- Грамадства
- ЭканомікаЕАБР: У Беларусі павелічэнне крэдытавання фізічных асоб падтрымліваецца ростам даходаў насельніцтваМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства, Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка, Эканоміка
- Грамадства