Мінск 13:34

“Народнае апалчэнне” пад Гроднам з удзелам артылерыі вучыцца змагацца з дыверсантамі

Архіўнае фота: Мінабароны

13 красавіка, Позірк. У рамках навучальнага збору тэрытарыяльных войскаў Гродзенскага раёна з 13 па 15 красавіка праходзяць камандна-штабныя вучэнні, паведамляе Мінабароны.

У ім бяруць удзел ваеннаабавязаныя, прызваныя з запасу, супрацоўнікі органаў унутраных спраў, а таксама “добраахвотнікі народнага апалчэння”.

Мэтай названы “ўдасканаленне навыкаў афіцэраў па кіраўніцтве падпарадкаванымі сіламі тэрытарыяльнай абароны і навучанне асабовага складу зладжаным дзеянням пры рашэнні задач тэрытарыяльнай абароны”.

Плануецца “адпрацаваць пытанні аховы і абароны аб’ектаў ТэрА, барацьбы з дыверсійна-разведвальнымі групамі саперніка, забеспячэння мер ваеннага становішча, у тым ліку з удзелам народнага апалчэння” (арфаграфія захавана. — “Позірк”.).

“Пры выкананні задач па знішчэнні дыверсійна-разведвальных груп умоўнага саперніка падраздзяленні тэрытарыяльных войскаў будуць узмоцнены артылерыйскімі падраздзяленнямі”, — гаворыцца ў рэлізе.

Як паведамлялася, зборы тэрытарыяльных войскаў Гродзенскай вобласці праходзяць з 25 сакавіка па 18 красавіка.

Тэрытарыяльныя войскі — род войскаў Узброеных сіл, які склікаецца ў перыяд вайны або напружанай ваенна-палітычнай абстаноўкі. Выконвае дапаможныя функцыі. Складаецца з асоб, якія прайшлі службу і знаходзяцца ў запасе.

Згодна з прынятым у 2023 годзе законам “Аб народным апалчэнні”, яго задача заключаецца ў аказанні садзейнічання тэрытарыяльным органам унутраных спраў пры забеспячэнні ваеннага становішча, абароне ўласнасці “ад злачынных і іншых супрацьпраўных замахаў”. Стварэнне ініцыяванае Аляксандрам Лукашэнкам. Фармуецца пры кожнай сельскай радзе “на добраахвотнай аснове”.

Да верасня атрад плануецца сфармаваць у Мінску.

Рэжым Аляксандра Лукашэнкі няспынна праводзіць вучэнні, трэніроўкі, зборы на фоне абвастрэння адносін з Захадам і поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны.

Тэрабарона каля мяжы з Літвой вучыцца змагацца з беспілотнікамі

11 красавіка, Позірк. Вучэнні тэрытарыяльных войск па абароне аднаго з умацаваных раёнаў, што створаны ў Беларусі, праходзяць у Пастаўскім раёне Віцебскай вобласці (мяжуе з Літвой. — "Позірк".), паведамляе Міністэрства абароны. Паводле слоў начальніка Генеральнага штаба Паўла Муравейкі, прадугледжваецца "стварэнне падобных …

У "народнае апалчэнне" на мяжы з Украінай МУС набірае "сур'ёзных мужыкоў", якія служылі ў войску ў 70–80 гады — Карпянкоў

23 сакавіка, Позірк. Аб стварэнні ў памежных з Украінай раёнах падраздзяленняў "народнага апалчэння" заявіў намеснік міністра ўнутраных спраў — камандуючы ўнутранымі войскамі (УС) Мікалай Карпянкоў. "Працягваем вось ужо на працягу дзевяці месяцаў выконваць задачы ў памежжы. Мы, вядома, шукаем там …
Падзяліцца: