Мінск 23:43

Армія Беларусі можа падзяліцца з вайскоўцамі Катара досведам дзеянняў у набліжаных да баявых умовах — Хрэнін

Відэа: прэс-служба Мінабароны / Стоп-кадр: "Позірк"

23 красавіка, Позірк. Прайсці трэніроўкі ў Беларусі запрасіў вайскоўцаў Катара міністр абароны Віктар Хрэнін, наведваючы 23 красавіка 401-ы цэнтр падрыхтоўкі сіл спецыяльных аперацый гэтай краіны на Блізкім Усходзе, вынікае з інфармацыі беларускага ваеннага ведамства.

Чыноўнік адзначыў, што Узброеныя сілы Беларусі, “магчыма, у меншай ступені” выкарыстоўваюць кампутарныя тэхналогіі ў параўнанні з арміяй Катара, але могуць падзяліцца “досведам дзеянняў на рэальнай мясцовасці з выкарыстаннем рэальнай тэхнікі і боепрыпасаў ва ўмовах, набліжаных да баявых, з выкарыстаннем беспілотных лятучых апаратаў”.

Як сцвярджае прэс-служба Мінабароны, намеснік камандуючага сіламі спецаперацый Катара Фаваз Аль-Шамары выказаў зацікаўленасць у тым, каб пераняць досвед у сферы працы з беспілотнікамі і прайсці адпаведную падрыхтоўку ў Беларусі.

Пасля гэтага Хрэнін, як паведамляецца, паставіў перад начальнікам штаба сіл спецаперацый Беларусі задачу “не зацягваць і арганізаваць працу па абмене досведам з катарскімі ваеннаслужачымі сёлета”.

Пра тое, што Хрэнін накіраваўся ў Катар, прэс-служба беларускага абароннага ведамства паведаміла 21 красавіка.

22 красавіка стала вядома, што ён правёў перагаворы са сваім катарскім калегам Саудам бін Абдулрахманам бін Хасанам бін Алі Аль-Тані, па выніках якіх “кіраўнікі абаронных ведамстваў ва ўрачыстай абстаноўцы падпісалі пратакол, што пацвердзіць намеры Беларусі і Катара ўмацаваць двухбаковую вайсковую супрацу”.

10 лютага эмір Катара шэйх Тамім бен Хамад аль-Тані павіншаваў Аляксандра Лукашэнку ў сувязі з чарговым працягам паўнамоцтваў. Цягам апошніх гадоў Лукашэнка неаднаразова запрашаў яго наведаць Беларусь, але візіт так і не адбыўся. На мінулым тыдні адбыўся візіт эміра ў Расію.

На сустрэчы з прэм’ер-міністрам — міністрам замежных спраў Катара Махамедам бін Абдулрахманам бін Джасімам аль-Тані 23 лютага ў горадзе Доха Раман Галоўчанка, які на той момант узначальваў беларускі ўрад (цяпер старшыня праўлення Нацбанка), заявіў, што Мінск гатовы аднавіць “высокую дынаміку супрацы па ўсіх кірунках: ад навукаёмістых вытворчасцей да падрыхтоўкі вайскоўцаў”.

Летась у лістападзе вайскоўцы з Катара наведвалі беларускія аб’екты Ваенна-паветраных сіл і войскаў супрацьпаветранай абароны, у Мінску прайшлі перагаворы аб умацаванні вайсковай супрацы.

31 сакавіка першы намеснік міністра абароны Беларусі Павел Муравейка ў эфіры праграмы “Актуальнае інтэрв’ю” на тэлеканале “Беларусь 1” заявіў, ацэньваючы вынікі комплекснай праверкі УС, што беларускае войска неабходна “значна больш насыціць” беспілотнымі лятучымі апаратамі.

Адначасова ён выказаў меркаванне, што падчас праверкі “там, дзе пісьменна быў прыменены сродак радыёэлектроннай барацьбы, беспілотнікі страцілі сваё панаванне над полем бою”.

Муравейка таксама выказаўся пра выкарыстанне штучнага інтэлекту ў войску, які назваў “добрай падмогай у працэсе абгрунтавання прыняцця рашэнняў, правядзення пэўных разлікаў, мадэлявання сітуацый”: “Але ўсё адно апошняе рашэнне застаецца за чалавекам, за камандзірам”.

Падзяліцца: