Мінск 10:40

Каб пазбегнуць прыходу расійскіх і беларускіх дыпламатаў, Сенат Берліна вырашыў не запрашаць замежных гасцей на мерапрыемствы ў гонар заканчэння вайны

Цэнтральны чыгуначны вакзал Берліна
Фота: "Позірк"

24 красавіка, Позірк. Каб не запрашаць прадстаўнікоў Расіі і Беларусі на памятныя мерапрыемствы ў гонар заканчэння Другой сусветнай вайны, Сенат Берліна цалкам адмовіўся ад запрашэння замежных гасцей, піша Berliner Zeitung.

Сенат чакае, што афіцыйныя прадстаўнікі Расіі і Беларусі не будуць браць удзел у ніякіх памятных мерапрыемствах, адзначылі ў прэс-службе ўрада Берліна, на паведамленне якой спасылаецца выданне.

Адзначаецца, што афіцыйным прадстаўнікам іншых дзяржаў таксама не будуць высланыя запрашэнні. Там выказалі надзею, што прадстаўнікі розных краін будуць паважаць рашэнне Сената і таму “не павінны ўзнікнуць пытанні захавання законнасці“.

Нягледзячы на рэкамендацыю МЗС Германіі мясцовым уладам не накіроўваць запрашэнні расійскім і беларускіх прадстаўнікам на памятныя мерапрыемствы, акруга Берлінская акруга Трэптаў-Кёпенік не хоча забараняць іх прысутнасць на сваёй тэрыторыі.

“З прычыны гістарычнай ролі Савецкага Саюза ў вызваленні Германіі і Еўропы ад нацыянал-сацыялізму, а таксама з прычыны ахвяр Савецкага Саюза ў Другой сусветнай вайне кіраванне акругі Трэптаў-Кёпенік не палічыла б мэтазгодным выдвараць прадстаўнікоў амбасадаз Расіі і Беларусі, нават калі б яны з’явіліся без папярэджання“, — цытуе прэс-сакратара акругі Berliner Zeitung.

У акрузе Трэптаў-Кёпенік знаходзіцца Мемарыял загінулым у баях за Берлін савецкім воінам “Воін-вызваліцель” — адзін з трох галоўных савецкіх ваенных мемарыялаў у нямецкай сталіцы разам з мемарыяламі ў Панкаве і Тыргартэне. Тут таксама размешчана пахаванне астанкаў больш за 7 тыс. савецкіх салдат. Штогод 8-9 траўня туды прыходзяць ушанаваць іх памяць, у тым ліку дыпламаты РФ.

7 красавіка нямецкі часопіс Der Spiegel паведаміў, што Бундэстаг выключае паслоў Расеі і Беларусі з цэнтральных мерапрыемстваў з нагоды 80-годдзя заканчэння Другой сусветнай вайны 8 траўня.

Дыпламатычны корпус, да якога належаць усе акрэдытаваныя ў Берліне амбасадары, быў запрошаны, паведаміла прэс-служба Бундэстага інфармацыйнаму агенцтву DPA. Аднак была прынятая да ўвагі “ацэнка федэральнага ўрада адносна запрашэння прадстаўнікоў”, у выніку якой паслы РФ і Беларусі не былі запрошаныя.

Міністэрства замежных спраў, як паведамляецца, у памятцы для федэральных зямель, мясцовых уладаў і мемарыяльных аб’ектаў раней рэкамендавала не дапускаць прадстаўнікоў Расіі і Беларусі на памятныя мерапрыемствы, прысвечаныя заканчэнню Другой сусветнай вайны. Прычынай гэтага стала асцярога, што Масква можа “выкарыстоўваць гэтыя мерапрыемствы ў сваіх мэтах і неправамерна звязаць іх з агрэсіўнай вайной супраць Украіны“.

Раней дэлегацыя беларускіх уладаў не была запрошаная на цырымонію, прысвечаную 80-й гадавіне вызвалення нацысцкага канцэнтрацыйнага лагера Асвенцым (нямецкая назва Аўшвіц-Біркенаў) 27 студзеня ў Польшчы. Беларусь на мерапрыемстве прадстаўлялі дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская і кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка.

Беларускіх дыпламатаў не запрасілі таксама на мерапрыемствы з нагоды 80-годдзя вызвалення канцлагераў Бухенвальд і Мітэльбау-Дора, што выклікала абурэнне МЗС Беларусі.

Расійская агрэсія ва Украіне і яе падтрымка з боку Мінска стала прычынай, праз якую афіцыйных прадстаўнікоў дзвюх краін перасталі запрашаць на знакавыя міжнародныя мерапрыемствы, у тым ліку звязаныя з памяццю аб Другой сусветнай вайне. У 2022, 2023 і 2024 гадах Японія адмовіла ім ва ўдзеле ў цырымоніі памяці ахвяр атамных бамбардзіровак Хірасімы і Нагасакі, у верасні 2023-га Нобелеўскі камітэт адклікаў запрашэнне на ўручэнне прэміі.

Падзяліцца: