Мінск 14:28

COVID-19 паказаў, што ахова здароўя Беларусі “выявілася ўстойлівай і здольнай даць рады эпідэміі”, сцвярджае Хаджаеў

Ілюстрацыйнае фота: Geralt / unsplash.com

28 красавіка, ПозіркПандэмія COVID-19 стала “значным выпрабаваннем для ўсіх сістэм аховы здароўя, у тым ліку і для Рэспублікі Беларусь”, заявіў кіраўнік Мінздароўя Аляксандр Хаджаеў, выступаючы 28 красавіка на VIII нарадзе міністраў аховы здароўя краін Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва ў Сіаньскім міжнародным канферэнцыйным цэнтры (Кітай).

“Беларуская ахова здароўя выявілася ўстойлівай і здольнай даць рады эпідэміі, — цытуе чыноўніка прэс-служба міністэрства. — Сярод станоўчых наступстваў для беларускай аховы здароўя можна адзначыць павелічэнне фінансавання, прызнанне сферы прыярытэтнай, пацвярджэнне эфектыўнасці яе структурнай ёмістасці, неабходнасць імпартазамяшчэння, усведамленне насельніцтвам каштоўнасці здароўя і важнасці інвестыцый у яго, а таксама развіццё навыкаў мабілізацыйнай гатоўнасці і паскарэнне пераходу да лічбавых тэхналогій”.

Варта адзначыць, што з прыходам у Беларусь COVID-19 на пачатку 2020 года медыкі адчувалі востры недахоп сродкаў індывідуальнай абароны. Улады, якія не ўводзілі жорсткіх ахоўных мер, наяўнасць праблемы адмаўлялі. На гэтым фоне грамадскасць ініцыявала краўдфандынгавую кампанію BYCOVID-19, куды ўрачы сталі масава звяртацца з просьбай дапамагчы ім з маскамі, рэспіратарамі. Прыватны беларускі бізнес дапамагаў медыкам вадой, харчаваннем, матэрыяламі для вырабу ахоўных касцюмаў.

Паводле афіцыйнай інфармацыі, на 5 ліпеня 2022 года ў Беларусі было зарэгістравана 994.037 выпадкаў COVID-19, ад пачатку пандэміі памерла 7.118 чалавек. Пасля гэтай даты Мінздароўя перастала публікаваць звесткі па захваральнасці і смяротнасці. Розныя неафіцыйныя даныя сведчаць, што ўлады значна прынізілі ўзровень смяротнасці ад ковіду.

На нарадзе міністраў аховы здароўя краін ШАС 28 красавіка Хаджаеў таксама заявіў, што “яшчэ адным выклікам” для сістэмы стаў “міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і Польшчы ў канцы 2021 года”.

“Ён запатрабаваў прыняцця аператыўных мер па арганізацыі аказання меддапамогі мігрантам з Ірака і Сірыі, Афганістана і афрыканскіх краін, якія знаходзяцца ў прыгранічнай зоне ў Гродзенскай вобласці. Мінздароўя было аператыўна арганізаванае кругласутачнае дзяжурства брыгад хуткай меддапамогі, а на базе гандлёва-лагістычнага цэнтра быў арганізаваны медпункт, забяспечаны неабходнымі лекпрэпаратамі і медвырабамі”, — сказаў чыноўнік.

Міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і краін Еўрасаюза цягнецца з вясны 2021 года. Варшава, Вільнюс і Рыга лічаць, што ён арганізаваны рэжымамі ў Мінску і Маскве, называюць яго “гібрыднай атакай”.

У лістападзе таго года на беларуска-польскай мяжы сабралася некалькі тысяч замежнікаў, якія спрабавалі трапіць на тэрыторыю ЕЗ. Улады Беларусі, замест таго каб вырашыць сітуацыю, што ўзнікла на тэрыторыі краіны, прадухіліць спробы незаконнага перасячэння мяжы, арганізавалі для нелегалаў лагер, які зачыніўся толькі праз чатыры месяцы.

Падзяліцца: