Лукашэнка прапанаваў беларусам “адпакутаваць” без бульбы яшчэ месяц

8 траўня, Позірк. Пра сітуацыю з бульбай у крамах выказаўся Аляксандр Лукашэнка, выступаючы 8 траўня на адкрыцці Міжнароднага выставачнага цэнтра ў Мінску.
Паводле яго слоў, грамадзяне хочуць купляць айчынную прадукцыю па нізкіх коштах, а “сяляне, наадварот, зацікаўленыя прадаць свой тавар як мага даражэй”. “Каб і заробак быў, і ўгнаенні набыць, і хутчэй пасеяць”, — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба.
Аднак, заявіў спікер, у Расіі цэны на бульбу выявіліся ў некалькі разоў вышэйшыя, чым у Беларусі, таму вытворцы арыентаваліся на расійскі рынак.
“Нядаўна мне ўрад кажа: “Аляксандр Рыгоравіч, не хвалюйцеся: у нас пара дзясяткаў тысяч тон насеннай бульбы — мы прададзім”. Я кажу: “Хлопцы, я гісторык. Памятаеце, у гады Вялікай Айчыннай вайны людзі паміралі ад голаду ў Ленінградзе, але захавалі зярняткі, каб потым хлеб быў. І вы думаеце, што ў Расіі і іншых краінах, дзе цяпер дэфіцыт бульбы, заўтра гэты дэфіцыт знікне? Не. Ён яшчэ будзе некалькі гадоў. Мы маем насенную бульбу. Давайце месяц яшчэ адпакутуем (каму там бульба не падабаецца?), а гэтую пасеем. Атрымаем у дзесяць разоў больш, чым пасеялі, і потым прададзім па добрай цане”. Вось такі, можа, хітры, сялянскі ход”, — прапанаваў Лукашэнка.
“Калі хто моцна перажывае за бульбу — месяц вытрымаем. Але зусім без бульбы не застанемся”, — дадаў ён.
Паводле яго слоў, Камітэту дзяржкантролю даручана разабрацца з сітуацыяй ва ўсіх гандлёвых сетках і паглядзець, якой прадукцыі не хапае.
“Потым я губернатараў паклічу і спытаю: хлопцы, я ж вас увосень папярэджваў, што трэба ствараць стабілізацыйныя фонды. То бок пакласці ў запас, каб накарміць людзей. А што гэта? Бульба перш за ўсё. Яблыкі і іншае. Дзе яно? Вядома, сялянам патрэбныя грошы. Калі яны не прададуць бульбу [за мяжу] і не атрымаюць валюту, нам давядзецца падтрымліваць іх з бюджэту. А гэтага не хацелася б. У нас небагатыя настаўнікі, урачы і пенсіянеры. Гэта для нас таксама ўрок. Думаю, што гэта будзе апошні такі ўрок для ўсёй вертыкалі ўлады. Трэба прывесці ў парадак сховішчы, пакласці столькі, колькі трэба самай лепшай у свеце бульбы, каб наш народ ніколі не цярпеў ад такога няшчасця”, — сказаў палітык.
Напярэдадні прэс-служба Камітэта дзяржкантролю паведаміла, што па ўсёй Беларусі ведамства праводзіць “кантрольныя мерапрыемствы па пытаннях наяўнасці ў гандлёвай сетцы айчыннай бульбы”, а таксама вывучае цэны на гэты тавар. “У выпадку выяўлення парушэнняў Камітэт дзяржкантролю будзе рабіць захады рэагавання, уключна з прыпыненнем дзейнасці гандлёвых аб’ектаў”, — адзначалася ў паведамленні.
12 снежня 2024 года было ўведзена трохмесячнае ліцэнзаванне вывазу бульбы. Рашэнне распаўсюджвалася на гэтую гародніну “незалежна ад краіны яе паходжання”. Заяўлялася, што мера прынятая “на падставе ацэнкі суадносін свабодных рэсурсаў гэтай прадукцыі і патрэбаў краіны на момант узгаднення ліцэнзіі”.
25 сакавіка ліцэнзаванне падоўжылі яшчэ на тры месяцы. Адзначалася, што прынятая мера “дазволіць забяспечыць кантроль за запасамі, а таксама за экспартнымі плынямі бульбы ў сувязі з ростам попыту і высокімі коштамі на яе па-за межамі Рэспублікі Беларусь”.
Згодна з рашэннем урада, вываз бульбы за мяжу ажыццяўляецца на падставе разавых ліцэнзій, што выдаюцца Міністэрствам антыманапольнага рэгулявання і гандлю з узгадненнем з Міністэрствам сельскай гаспадаркі і харчавання, аблвыканкамамі і Мінгарвыканкамам.
Параўнанне даных Нацыянальнага статыстычнага камітэта сведчыць, што ў 2024 годзе было выкопана 3,1 млн т бульбы — гэта на 22,5% менш, чым у 2023-м (4 млн т).
“За апошнія 10 гадоў беларусы сталі спажываць менш бульбы — нашай традыцыйнай культуры”, — заявіў былы прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка 14 лютага падчас наведвання ААТ “Рассвет імя К. П. Арлоўскага” (Кіраўскі раён Магілёўскай вобласці).
Паводле інфармацыі МАРГ, у 10% з 437 правераных з 10 па 14 сакавіка прадуктовых крам прапаноўвалася бульба, “што не адпавядае патрабаванням заканадаўства (з механічнымі пашкоджаннямі, паршой, мокрай, сухой, кальцавой гніллю, пазеленелая на больш чым 1/4 паверхні, дробная ды іншыя)». У 3% аб’ектаў “бульба адсутнічала (машына з таварам была ў дарозе, тавар быў вернуты пастаўшчыку з прычыны нізкай якасці і г.д.)”.
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Палітыка
- Палітыка
- Эканоміка
- Грамадства, Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- КДБ дадаў у "спіс тэрарыстаў" яшчэ дзесяць чалавекМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Грамадства
- Палітыка
- ГрамадстваУ Баранавічах перакрыты рэкорд холаду амаль паўвекавой даўніны (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, ПалітыкаГрузія не ўпусціла назад яшчэ аднаго актывіста беларускай дыяспарыМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- ЭканомікаЗа траціну 2025 года фізічныя асобы прадалі валюты амаль на 238 млн долараў больш, чым набылі (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Навіны Германіі, Палітыка
- Грамадства
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка