Мінск 15:21

Беларусь і РФ з трыбуны ААН выступілі за “ўстойлівую архітэктуру еўразійскай бяспекі”

Генасамблея ААН
Архіўнае відэа: медыяслужба ААН / стоп-кадр: "Позірк"

8 кастрычніка, Позірк. Беларусь і Расія выступаюць за фармаванне “ўстойлівай архітэктуры роўнай і непадзельнай еўразійскай бяспекі”, вынікае з сумеснай заявы, якая была прадстаўленая 7 кастрычніка ў Нью-Ёрку на пасяджэнні Першага камітэта Генасамблеі ААН (па раззбраенні і міжнароднай бяспецы) у рамках 81-й сесіі арганізацыі.

Як вынікае з інфармацыі прэс-службы расійскага знешнепалітычнага ведамства, Мінск і Масква паведамілі пра пачатак распрацоўкі “Еўразійскай хартыі разнастайнасці і шматпалярнасці ў XXI стагоддзі” і заклікалі краіны кантынента далучыцца да гэтага працэсу.

У той жа час яны заявілі пра “прыхільнасць да прынцыпаў Статута ААН, уключаючы суверэнітэт, тэрытарыяльную цэласнасць і непарушнасць межаў”.

Варта адзначыць, што ў сакавіку 2022 года Генасамблея ААН асудзіла поўнамаштабнае ўварванне РФ ва Украіну і запатрабавала вываду расійскіх войскаў. Рэзалюцыю падтрымала 141 дзяржава, супраць выступілі пяць, уключаючы Расію і Беларусь. У кастрычніку таго ж года 143 краіны асудзілі спробу Расіі анексаваць чатыры ўкраінскія вобласці.

У сумеснай заяве Мінск і Масква таксама раскрытыкавалі дзейнасць НАТО, назваўшы пагрозамі падтрымку Украіны, развіццё еўрапейскай супрацьракетнай абароны, размяшчэнне заходніх ракет у Еўропе, нарошчванне вайсковай інфраструктуры ля межаў Саюзнай дзяржавы і “сумесныя ядзерныя місіі” альянсу.

Пры гэтым аўтары дакумента не сказалі пра тое, што ў лютым 2022 года рэжым Аляксандра Лукашэнкі надаў расійскім войскам тэрыторыю Беларусі для ўварвання ва Украіну (удзел Мінска ў незаконным выкарыстанні сілы быў асобна асуджаны Генасамблеяй ААН), а пасля на працягу некалькіх месяцаў з беларускай тэрыторыі вяліся ракетныя абстрэлы ўкраінскай зямлі.

У заяве Беларусь і РФ выступілі супраць размяшчэння любой зброі ў космасе і заклікалі пачаць перамовы пра юрыдычна абавязковую забарону такой дзейнасці. Яны таксама заклікалі “ўмацоўваць рэжымы забароны біялагічнай і хімічнай зброі”.

Варта адзначыць, што Расія ў апошнія гады неаднаразова выкарыстоўвала ядзерную рыторыку. Прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін і іншыя расійскія афіцыйныя асобы публічна заяўлялі пра магчымасць выкарыстання ядзернай зброі ў выпадку “пагрозы існаванню Расіі”.

Значную частку заявы Мінск і Масква прысвяцілі самому Першаму камітэту, абвінаваціўшы асобныя краіны ў яго “палітызацыі і выкарыстанні для ціску на іншыя дзяржавы”.

Аўтары дакумента выступілі за захаванне дзейных метадаў працы камітэта і заклікалі не выносіць на яго разгляд прапановы, якія не прадугледжваюць дасягнення кансенсусу.

Заява таксама ўтрымлівае заклік “захоўваць цэнтральную ролю ААН у шматпалярным сусветным парадку, які цяпер фармуецца”.

Улады Беларусі і РФ маюць намер правесці напрыканцы верасня ў Нью-Ёрку сустрэчу па "запуску перагаворнага працэсу" пра Еўразійскую хартыю

10 верасня, Позірк. Прадстаўнікі знешнепалітычных ведамстваў Беларусі і Расіі правялі 10 верасня кансультацыі "па тэматыцы еўразійскай бяспекі і распрацоўкі Еўразійскай хартыі разнастайнасці і шматпалярнасці ў XXI стагоддзі", паведамляе прэс-служба беларускага МЗС. Адзначаецца, што бакі падсумавалі вынікі "праведзенай у 2026 годзе …
Падзяліцца: