Мінск 12:47

Кампанію “АграФертГруп”, якая выставіла прэтэнзіі “Беларуськалію”, не падтрымаў ні МАРГ, ані Вярхоўны суд

Калійныя ўгнаенні
Ілюстрацыйнае фота: clearerimages.com

8 кастрычніка, Позірк. Вярхоўны суд прызнаў законным рашэнне Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю і адмовіўся задаволіць скаргу ТАА “АграФертГруп”.

Як паведамляе прэс-служба МАРГ, раней кампанія “АграФертГруп” звярнулася ў ведамства з заявай аб “парушэнні антыманапольнага заканадаўства”. Прадпрыемства хацела закупіць у ААТ “Беларуськалій” хлорысты калій. Аднак падчас перамоў аб заключэнні дагавора вытворца калійных угнаенняў, які займае “даміноўчае становішча”, на думку кампаніі, “неправамерна запатрабаваў дадатковыя звесткі — пра прадукцыю, запланаваную да выпуску, і адрас месца яе вытворчасці”.

Міністэрства правяло антыманапольнае расследаванне і прыйшло да высновы, што запытаныя “Беларуськаліем” звесткі — гэта “элемент стандартнай пераддагаворнай працы, накіраванай у тым ліку на пацвярджэнне заяўленай контрагентам мэты набыцця тавару”.

Такім чынам, адзначыла МАРГ, дзеянні “Беларуськалія” “не сведчаць пра ўхіленне ад заключэння дагавора, зацягванне перамоўнага працэсу або іншыя дзеянні (бяздзейнасць), вынікам якіх стала б незаключэнне дагавора пастаўкі калію хлорыстага”.

Кампанія “АграФертГруп” зарэгістраваная ў Гомелі 25 красавіка 2025 года. Асноўным відам дзейнасці пазначаны “аптовы гандаль іншымі хімічнымі прадуктамі”.

На пасяджэнні Мсціслаўскага раённага савета дэпутатаў (Магілёўская вобласць) у чэрвені 2026 года паведамлялася, што “АграФертГруп” будуе ў аграгарадку Ходасы комплекс па вытворчасці мінеральных угнаенняў. Тады было заяўлена, што гэта “адзін з самых маштабных праектаў”.

Чакаецца, што інвестыцыі складуць 35,05 млн рублёў. Плануецца стварыць 50 новых працоўных месцаў. Рэалізацыя запланаваная на 2026–2027 гады.

Падзяліцца: