Мінск 20:13

Дзяржпагранкамітэт адсправаздачыўся пра затрыманне кур’ера і закладчыка псіхатропаў, якія паступалі ў Беларусь з РФ

Відэа: Дзяржпамежкамітэт / Стоп-кадр: "Позірк"

8 траўня, Позірк. “Комплекс мерапрыемстваў аператыўных супрацоўнікаў органаў пагранічнай службы па затрыманні ўдзельнікаў злачыннай групы” завяршыўся 6 траўня ў Мінску, паведаміла 8 траўня прэс-служба Дзяржаўнага пагранічнага камітэта.

З інфармацыі ведамства вынікае, што затрымана двое грамадзян Беларусі, што працавалі на інтэрнет-краму, у абавязкі якіх уваходзіла перамяшчаць з тэрыторыі Расіі псіхатропныя рэчывы і распаўсюджваць іх у Беларусі.

Заяўляецца, што “ў сярэдзіне красавіка выяўлены 20-гадовы грамадзянін Беларусі, які меў намер перамясціць наркотыкі з Санкт-Пецярбурга”. Па вяртанні з РФ малады чалавек “быў затрыманы з 4 кг асабліва небяспечнага псіхатропнага рэчыва альфа-PVP”.

“Далей аператыўныя супрацоўнікі органаў пагранічнай службы вызначылі другога члена злачыннай групы, які павінен быў распаўсюдзіць увезеныя псіхатропы, — гаворыцца ў паведамленні. — Ва ўзаемадзеянні з супрацоўнікамі аддзела па наркакантролі і процідзеянні гандлю людзьмі Першамайскага РУУС горада Мінска 6 траўня затрыманы закладчык з доказамі злачынства. Ім выявіўся 20-гадовы жыхар сталіцы”.

У дачыненні да маладых людзей распачатыя крымінальныя справы “за незаконны абарот і перамяшчэнне праз дзяржаўную мяжу псіхатропу ў складзе арганізаванай групы”. Абодвум, паводле інфармацыі ведамства, пагражае да 20 гадоў пазбаўлення волі.

9 красавіка Дзяржпагранкамітэт паведамляў пра затрыманне ў Мінску трох “непаўналетніх наркакур’ераў”, грамадзян Беларусі. Затрыманне было праведзена 3 красавіка супрацоўнікамі ДПК сумесна прадстаўнікамі МУС “падчас правядзення аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў, скіраваных на спыненне канала пастаўкі наркотыкаў на тэрыторыю” Беларусі.

“У закладчыкаў выяўлена асабліва небяспечнае псіхатропнае рэчыва — 4-СМС або клефедрон, якое характарызуецца асаблівай таксічнасцю для арганізма, з высокай рызыкай як псіхічных, так і фізічных ускладненняў”, — гаварылася ў паведамленні.

Паводле даных Дзяржаўнага мытнага камітэта (ДМК), у 2024 годзе вынята 1.622 тоны наркатычных сродкаў і псіхатропных рэчываў — амаль у два разы больш, чым за папярэдні год.

Летась у лістападзе былыя сілавікі з аб’яднання BelPol на аснове аналітычнай даведкі МУС, якая трапіла ў іх распараджэнне, адзначылі, што галоўным пастаўшчыком наркотыкаў і псіхатропаў у Беларусь з’яўляецца Расія.

З дакумента вынікае, што ў першай палове 2024 года ў Беларусі выяўлена 17 каналаў паставак забароненых рэчываў: у 14 выпадках (82,4%) наркотыкі і псіхатропы паступалі з Расіі, у двух — з Польшчы, у адным — з Літвы.

6 лістапада 2024 года намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення арганізацыі барацьбы з кантрабандай ДМК Сяргей Дуброўскі паведаміў пра спыненне ў 2024 годзе (на той момант) больш як 440 спробаў перамяшчэння наркотыкаў і псіхатропаў праз мяжу.

17 ліпеня 2024 года прэс-служба ДМК паведаміла пра спыненне арганізаванага канала ўвозу забароненых рэчываў і канфіскацыі найбуйнейшай у гісторыі краіны партыі наркотыкаў і псіхатропаў — 1.077 кг. Паводле ацэнкі МУС, рознічны кошт партыі склаў 28 млн долараў.

У МУС таксама паведамлялі, што ў 2023–2024 гадах ва ўзаемадзеянні з Гродзенскай мытняй быў перакрыты аналагічны канал пастаўкі асабліва небяспечных псіхатропных рэчываў з Літвы. Было затрымана 18 удзельнікаў арганізаванай злачыннай групы, у якую ўваходзілі грамадзяне Беларусі, Літвы і Расіі, канфіскавана больш за 600 кг асабліва небяспечных псіхатропных рэчываў коштам больш як 20 млн долараў.

Падзяліцца: