Мінск 19:19

За дзевяць месяцаў санслужба Мінска канфіскавала больш за 30 тон небяспечных прадуктаў у крамах, на складах і харчовых вытворчасцях

19 кастрычніка, Позірк. Больш за 30 тон небяспечных прадуктаў канфіскавала санітарная служба Мінска ў крамах, на складах і харчовых вытворчасцях за 9 месяцаў 2026 года. Пра гэта паведамляе Мінскі гарадскі цэнтр гігіены і эпідэміялогіі.

Адзначаецца, што гаворка ідзе пра прадукцыю, якая не адпавядала санітарным патрабаванням — на яе адсутнічала неабходная дакументацыя, маркіровачныя цэтлікі, скончыўся тэрмін прыдатнасці.

Спецыялісты праверылі 1.940 пробаў на кішачную палачку, сальманелу, прысутнасць недазволеных кансервантаў, фарбавальнікаў, харчовых дабавак, а таксама перавышэнне дапушчальнага ўтрымання нітратаў.

Па фактах парушэнняў аштрафавана 1.109 службовых і юрыдычных асоб (агульная сума штрафаў склала 15.481,5 рубля), вынесена 689 прадпісанняў аб прыпыненні (забароне) вытворчасці і (або) рэалізацыі тавараў (работ, паслуг, эксплуатацыі транспартных сродкаў, выдадзена 389 патрабаванняў аб ліквідаціі парушэнняў.

9 кастрычніка паведамлялася, што Камітэт дзяржаўнага кантролю (КДК) з пачатку 2026 года праверыў больш за 1,4 тыс. гандлёвых аб’ектаў, у кожным чацвёртым з іх выяўленыя парушэнні.

Найбольш распаўсюджанымі парушэннямі сталі невыкананне санітарных нормаў і правілаў, а таксама продаж прадукцыі са скончаным тэрмінам прыдатнасці. Так, у верасні ў 16 гандлёвых аб’ектах Магілёўскай вобласці выяўлена 51 найменне пратэрмінаваных прадуктаў. Некаторыя тавары былі пратэрмінаваныя больш чым на 200 дзён.

Праверкі таксама выявілі адсутнасць у продажы тавараў, абавязковых да наяўнасці. Такія парушэнні ў верасні зафіксавалі ў Віцебску, Браслаўскім раёне і Наваполацку (Віцебская вобласць).

1 верасня КДК паведамляў аб прыпыненні працы чатырох гандлёвых аб’ектаў па продажы вейпаў і вадкасцяў для іх у Брэсце. У ходзе праверак ведамства выявіла пратэрмінаваную прадукцыю.

У жніўні камітэт канфіскаваў 40 кг “небяспечнай прадукцыі” ў крамах Брэсцкага і Жабінкаўскага раёнаў (Берасцейская вобласць).

Падзяліцца: