Мінск 17:51

Жыхар Ваўкавыска прысуджаны да 10 гадоў калоніі за ўвоз з РФ з мэтай продажу 3 кг мефедрону

Ілюстрацыйнае фота: "Позірк"

19 кастрычніка, Позірк. Да 10 гадоў пазбаўлення волі са штрафам у памеры 400 базавых велічынь (18 тыс. рублёў) прысуджаны жыхар Ваўкавыска (Гродзенская вобласць), паведамляе Генеральная пракуратура.

Фігурант прызнаны вінаватым паводле ч. 3 арт. 328 (незаконны абарот наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў і аналагаў) і ч. 2 арт. 3281 (незаконнае перамяшчэнне праз мытную мяжу ЕАЭС або дзяржаўную мяжу Рэспублікі Беларусь наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў альбо іх прэкурсораў або аналагаў) Крымінальнага кодэкса.

Адзначаецца, што ў ліпені 2026 года 33-гадовы мужчына праз “фінансавыя цяжкасці ў прадпрымальніцкай дзейнасці” пагадзіўся на “прапанову аб незаконным заробку, звязаным з наркаабаротам”.

Ён набыў у Расіі амаль 3 кг мефедрону — асабліва небяспечнага псіхатропнага рэчыва — і ў той жа дзень перавёз яго ў Беларусь на аўтамабілі “Аўдзі”, аформленым у лізінг.

Мужчыну затрымалі ў Лёзненскім раёне (Віцебская вобласць), забароненае рэчыва было канфіскавана.

Прысуд не ўступіў у законную сілу і можа быць абскарджаны.

У 2025 годзе ў Беларусі за злачынствы, звязаныя з незаконным абаротам наркотыкаў, асуджаныя 2.253 чалавекі — на 7,9% больш, чым у 2024-м. З іх 2.077 чалавек прызнана вінаватымі паводле арт. 328 КК.

Падзяліцца: