Мінск 17:32

Кіраўнік МУС Літвы абурыўся немагчымасцю выслаць з краіны беларусаў, прызнаных пагрозай бяспецы, згадаўшы Карач

Фота: istockphoto.com

19 кастрычніка, Позірк. Пра намер звязацца з праваахоўнымі органамі для прававой ацэнкі дзейнасці грамадзянкі Беларусі Вольгі Карач і грамадскай арганізацыі “Наш дом”, якую яна ўзначальвае, заявіў 19 кастрычніка міністр унутраных спраў Літвы Марцінас Катэлінас.

“Паводле ацэнкі Дэпартамента дзяржаўнай бяспекі, яна нясе пагрозу дзяржаўнай бяспецы, а ў 2015–2019 гадах супрацоўнічала з расійскімі выведніцкімі службамі, — напісаў чыноўнік на сваёй старонцы ў “Фэйсбуку”. — У 2024 годзе Вышэйшы адміністрацыйны суд Літвы таксама канстатаваў, што заключэнне ДДБ пра пагрозу з яе боку матываванае і заснаванае на фактах”.

Паводле яго слоў, толькі за апошнія два гады ў Літве выяўлена пяцёра грамадзян Беларусі, якім было адмоўлена ў наданні прытулку праз “пагрозу дзяржаўнай бяспецы”, але якіх немагчыма выслаць у Беларусь.

“Міжнароднае права і заканадаўства Літвы забараняюць вяртаць чалавека ў дзяржаву, дзе яму могуць пагражаць катаванні, бесчалавечнае абыходжанне або абыходжанне, якое прыніжае годнасць”, — адзначыў кіраўнік МУС. Ён дадаў, што ў Беларусі супраць апанентаў рэжыму распачынаюць крымінальныя справы, іх судзяць і завочна.

“Так узнікае абсурдная сітуацыя: Літва лічыць чалавека пагрозай нацыянальнай бяспецы, адмаўляе яму ў наданні прытулку, аднак не можа выслаць яго. Тады ў адпаведнасці з дзейным парадкам яму выдаюць дазвол на жыхарства і дазвол на працу ў Літве”, — заявіў міністр.

Чыноўнік паведаміў, што будзе ацэньвацца дзейнасць і іншых падобных асоб, іх сувязі з варожымі дзяржавамі і звязаных з імі арганізацый.

Паводле слоў міністра, Дэпартамент міграцыі праверыць, ці маецца ў гэтых людзей іншае грамадзянства, права на пражыванне ў іншых дзяржавах або магчымасць выехаць у бяспечную трэцюю краіну. Улады, адзначыў ён, таксама ацэняць, ці мае дзяржава дастатковыя прававыя інструменты для абмежавання дзейнасці такіх асоб і звязаных з імі арганізацый. Калі такіх інструментаў няма, Кацелінас мае намер ініцыяваць неабходныя змены ў заканадаўстве.

“Літва — не месца, дзе можна карыстацца нашай прававой абаронай і адначасова дзейнічаць супраць нашай дзяржавы. Калі мы не можам выслаць чалавека, гэта не азначае, што маем апусціць рукі і пакінуць яму ўсе магчымасці для дзейнасці тут. Дзяржава не бяссільная і не можа быць такой”, — падкрэсліў кіраўнік МУС.

3 верасня МУС Беларусі абнавіла спіс асоб, якіх лічыць датычнымі да “экстрэмісцкай” арганізацыі “Наш дом”, уключыўшы ў яго Вольгу Карач, Сяргея Спарыша, Вячаслава Андрэева, Кацярыну Мамінаву і Вікторыю Лайкову.

Першапачаткова арганізацыя “Наш дом” была ўнесеная ў згаданы пералік 4 траўня 2022 года. Тады МУС не пазначала “датычных” да яе асоб, хоць на той момант было вядома, што Міжнародны цэнтр грамадзянскіх ініцыятыў “Наш дом” (раней базаваўся ў Віцебску, пазней — у Вільнюсе) узначальвае грамадская дзяячка і палітык Вольга Карач.

У ліпені 2024 года яна была завочна прыгавораная да 12 гадоў пазбаўлення волі па справе “экстрэмісцкага фарміравання” “Форум дэмакратычных сіл Беларусі”. Вырак набыў моц у снежні таго ж года.

У верасні 2021-га Карач была ўключаная ў спіс “асоб, датычных да тэрарыстычнай дзейнасці”.

Карач пэўны час да 2020 года была ўладальніцай газеты “Віцебскі кур’ер” і заснавальніцай яе анлайн-версіі vkurier.by.

Дапаўненне

У заяве на сайце МУС Літвы адзначаецца, што, паводле ацэнкі Дэпартамента дзяржаўнай бяспекі, Карач распаўсюджвае ў сацсетках наратывы расійскай прапаганды, дыскрэдытуе Літву, прымяншае значэнне падтрымкі Украіны, а таксама “падрывае давер да дзяржаўных інстытутаў”.

Паводле ацэнкі ДДБ, узначаленая Карач грамадская арганізацыя “Наш дом” стварае “спрыяльныя ўмовы для ўезду ў Літву і легалізацыі асоб, якія супрацоўнічаюць са спецслужбамі варожых дзяржаў”. Ведамства таксама лічыць, што прызнанне арганізацыі “экстрэмісцкай” у Беларусі спрыяе атрыманню відаў на жыхарства ў Літве грамадзянамі Беларусі, якія не адпавядаюць крытэрам міжнароднай абароны, і злоўжыванню правам на такую абарону.

Падкрэсліваецца, што Катэлінас мае намер папрасіць праваахоўныя органы даць прававую ацэнку дзейнасці Карач і “Нашага дома”. Акрамя таго, улады Літвы ацэняць магчымасць прымянення мер да арганізацый, звязаных з асобамі, якія прадстаўляюць пагрозу нацбяспецы. МУС не выключае, што пры наяўнасці законных падстаў суд можа разгледзець пытанне аб ліквідацыі такіх арганізацый.

См. таксама:

Карач звязала заяву кіраўніка МУС Літвы пра яе і яе арганізацыю з падрыхтаваным “Нашым Домам” дакладам пра пагрозы

Падзяліцца: