Мінск 13:10

На будаўніцтве станцыі метро ў Мінску загінуў рабочы — у справе разбіраецца СК

Відэа: прэс-служба СК / стоп-кадр: "Позірк"

19 кастрычніка, Позірк. 40-гадовы рабочы загінуў ранкам 19 кастрычніка на будаўніцтве станцыі метрапалітэна на вул. Максіма Багдановіча ў Мінску, паведамляе прэс-служба Следчага камітэта.

Паводле інфармацыі ведамства, мужчына, “перасоўваючыся па падоўжным поясе мацавання катлавана”, паслізнуўся і з вышыні каля 7 метраў упаў на бетоннае дно будаўнічай пляцоўкі. У выніку падзення рабочы атрымаў смяротныя траўмы.

“Проста цяпер на месцы здарэння працуе следча-аператыўная група, у склад якой увайшлі супрацоўнікі крыміналістычнага аддзела УСК па горадзе Мінску, — гаворыцца ў паведамленні. — Следчымі супольна са спецыялістамі УДКСЭ праводзіцца агляд, фіксуецца следавая карціна, вымаецца дакументацыя па ахове працы і тэхніцы бяспекі”.

Праверкай абставін здарэння займаецца аддзел СК па Савецкім раёне сталіцы. У рамках высвятлення прычын і ўмоў, якія прывялі да гібелі мужчыны, плануецца надаць увагу таму, як датрымліваліся патрабаванні бяспекі пры правядзенні работ.

Падзяліцца: