Мінск 14:57

Пяць банкаў абвясцілі пра новаўвядзенні ў працы з кліентамі

Ілюстрацыйнае фота: pixabay.com

10 траўня, Позірк. Пяць банкаў, што працуюць у Беларусі, паведамілі пра змяненне асобных правілаў абслугоўвання і прадставілі новыя магчымасці для кліентаў, сведчыць праведзены Позіркам маніторынг іх актуальных прэс-рэлізаў.

“Альфа Банк у Беларусі” з 3 чэрвеня ўводзіць плату за зняцце наяўных грошай у касах іншых банкаў — 3,5% (мінімум 4,5 рубля).

Банк “БелВЭБ” прапануе спажывецкі крэдыт на тавары айчыннай вытворчасці. Кліенту можа быць выдадзена да 50 тыс. рублёў на тэрмін да 5 гадоў, стаўка — 16,6% гадавых (адтэрміноўка пагашэння крэдыту — да 6 месяцаў).

“БНБ-Банк” даў магчымасць аформіць у дадатку BNB-Bank крэдыт “Па-нашаму” на тавары і паслугі беларускай вытворчасці. Максімальная сума — 15 тыс. рублёў, тэрмін крэдытавання — 2, 3 або 5 гадоў. У першыя 180 дзён стаўка па крэдыце складзе 6%, далей яна зраўняецца са стаўкай разліковай велічыні стандартнай рызыкі для фізічных асоб (на травень 2025 года — 18,18%).

“Сбер Банк (Беларусь)” з 1 чэрвеня павялічыць з 25 да 40 рублёў месячную абаненцкую плату па пакеце паслуг Ultra Card 2.0, калі не выканана ніводная “ўмова бясплатнасці”.

“Тэхнабанк” не будзе спаганяць камісію за штомесячнае абслугоўванне асабістых плацежных картак, аформленых з 1 ліпеня 2020 года, а таксама картак з тарыфным планам “Тэхнабізнес” у рамках плацежнага інструмента “Белкарт-Прэміум” (базавы рахунак).

На 1 красавіка 2025 года ў Беларусі быў зарэгістраваны 21 банк (тры з іх — са 100-працэнтным замежным удзелам). Іх статутны капітал — 10 млрд 19 млн рублёў (за год стаў больш на 9,3%), прыбытак — 859,5 млн рублёў (-1,8%).

Падзяліцца: