Мінск 18:29

У чэрвені Мінфін мае намер у чарговы раз замяніць еўрабонды дзяржаблігацыямі

Ілюстрацыйнае фота: "Эканамічная газета"

10 траўня, Позірк. Чарговую замену еўрааблігацый Беларусі з пагашэннем 29 чэрвеня 2027 года (Беларусь-2027, ISIN XS1634369224 / US07737JAA16) “лакальнымі дзяржаўнымі аблігацыямі з аналагічнымі параметрамі” плануецца правесці 26 чэрвеня 2025-га, паведамляе Міністэрства фінансаў.

Ведамства падкрэсліла, што замяніць еўрааблігацыі змогуць толькі тыя, хто набыў каштоўныя паперы да 26 ліпеня 2024 года і “забяспечыць іх блакаванне на рахунках” Мінфіна.

“Неабходную інфармацыю ў вызначаным парадку трэба накіраваць у дэпазітарый-нерэзідэнт не пазней як за 15 працоўных дзён да даты замены. <…> Дадаткова кожны ўладальнік еўрааблігацый накіроўвае ў РУП “Рэспубліканскі цэнтральны дэпазітарый каштоўных папер” (Рэспубліка Беларусь) заяўку на замену даўгавых абавязацельстваў праз дэпазітарый-нерэзідэнт”, — гаворыцца ў паведамленні.

Адзначаецца, што да працэдуры замены дапусцяць толькі тыя заяўкі, што пададзены ўладальнікамі і верыфікаваныя ў парадку, вызначаным пастановай урада і Нацбанка № 643/20 ад 26 верасня 2022 года “Аб правядзенні асобных аперацый з дзяржаўнымі каштоўнымі паперамі”.

У апошні раз Мінфін здзейсніў “планавую замену” еўрааблігацый з пагашэннем 28 лютага 2030 года (Беларусь-2030, ISIN XS1760804184 / US07737JAC71) дзяржаблігацыямі выпуску № 336 сёлета 28 лютага.

Аб’ём замяшчэння для 1.057 трымальнікаў склаў 149 млн долараў ЗША. Разлікі па аблігацыях праводзіліся ў беларускіх рублях паводле курсу Нацбанка.

Працэс замяшчэння аблігацый анансаваў міністр фінансаў Юрый Селіверстаў 10 лістапада 2024 года.

Тады ён заявіў, што асноўная маса трымальнікаў беларускіх еўрабондаў, тэрмін выплаты па якіх на той момант ужо надышоў, свае грошы атрымала. “Знойдзены механізм, якім чынам яны пераводзяць на нашы рахункі аблігацыі, мы пераводзім ім у беларускіх рублях плацяжы, і гэты механізм працуе”, — сказаў Селіверстаў.

Пытанні пагашэння “тых папер, тэрмін пагашэння па якіх яшчэ не наступіў, але яны таксама па сутнасці заблакаваныя”, паводле слоў чыноўніка, будуць вырашацца шляхам выпуску “замяшчальных аблігацый”.

28 чэрвеня 2022 года Савет міністраў і Нацыянальны банк прынялі сумесную пастанову, паводле якой “выкананне даўгавых абавязацельстваў па дзяржаўных каштоўных паперах, размешчаных на знешніх фінансавых рынках, будзе ажыццяўляцца ў беларускіх рублях паводле курсу Нацбанка на дату плацяжу”.

З таго часу Беларусь практыкуе пералічэнне плацяжоў па даўгах у рублях на спецрахунак у “Беларусбанку”.

Падзяліцца: