Рух “Краіна для жыцця” стварае аднайменную палітычную партыю
Апублікавана на адкрытай версіі “Позірку” 14 траўня 2025 года.

14 траўня, Позірк. Устаноўчы з’езд палітычнай партыі “Краіна для жыцця” прайшоў 10 траўня ў Варшаве, паведаміў “Позірку” кіраўнік аргкамітэта па стварэнні структуры Віталь Савюк.
Паводле яго слоў, рашэнне аб трансфармацыі аднайменнага грамадскага руху ў партыю стала “вынікам шматгадовай працы актывістаў, якая пачалася яшчэ падчас прэзідэнцкай кампаніі 2020 года”.
Ён адзначыў, што пасля эміграцыі Святланы Ціханоўскай многія з актывістаў працягнулі сваю дзейнасць: каардынавалі дваровыя ініцыятывы, аказвалі дапамогу палітвязням, шукалі спосабы супраціву ўнутры краіны і за мяжой.
Ва ўмовах немагчымасці рэгістрацыі партыі ўнутры Беларусі ў 2021 годзе быў створаны грамадскі рух “Краіна для жыцця”. У яго, паводле слоў Савюка, увайшлі не толькі ўдзельнікі прэзідэнцкай кампаніі Ціханоўскай, але і актывісты, якія збіралі подпісы за альтэрнатыўных кандыдатаў, а таксама “прадстаўнікі лакальных ініцыятыў з усёй краіны”.
Суразмоўца “Позірку” паведаміў, што ў 2024 годзе ўдзельнікі руху “прыйшлі да высновы, што для працягу сістэмнай працы неабходна фарміраваць палітычную сілу”. “Быў створаны аргкамітэт па стварэнні партыі. Гэта рашэнне выспела як адказ на запыт часу і на расчараванне ў неэфектыўнасці існуючых фарматаў”, — дадаў ён.
“На з’ездзе прысутнічалі запрошаныя госці — нашы партнёры і аднадумцы, якія падтрымліваюць нас і цэняць нашу працу, і іншыя прадстаўнікі розных арганізацый і ініцыятыў. Аднак важна падкрэсліць: прысутнасць на з’ездзе не азначае аўтаматычнага ўваходжання ў аргкамітэт. Мы імкнемся да адкрытага дыялогу і запрашаем да супрацоўніцтва ўсіх, каму блізкія каштоўнасці свабоды, годнасці і салідарнасці”, — сказаў Савюк.
У аргкамітэт таксама ўвайшла давераная асоба Ціханоўскай на выбарах 2020 года Ева Сапрыгіна, паведаміў ён, анансаваўшы неўзабаве публікацыю статута і праграмы партыі.
“Наперадзе шмат працы: фарміраванне структуры, умацаванне ўзаемадзеяння з дыяспарай, развіццё палітычнай платформы — сумленнай перад людзьмі, дзеля якіх і пачалася гэтая барацьба”, — падкрэсліў Савюк.
Блок “Краіна для жыцця” ў 2024 годзе балатаваўся ў склад Каардынацыйнай рады, аднак не быў абраны.
У 2019 годзе Сяргей Ціханоўскі стварыў ютуб-канал “Краіна для жыцця”, які хутка стаў папулярным сярод беларусаў. Блогер наведваў рэгіёны Беларусі, сустракаўся з падпісчыкамі, браў у іх інтэрв’ю, падчас якіх мясцовыя жыхары распавядалі пра свае праблемы, крытыкавалі ўлады.
Ціханоўскі выказаў жаданне балатавацца на пасаду прэзідэнта ў 2020 годзе, аднак перад пачаткам выбарчай кампаніі быў арыштаваны па адміністрацыйным абвінавачванні за “арганізацыю несанкцыянаванага мерапрыемства” і не змог асабіста падаць дакументы ў Цэнтрвыбаркам. Па даверанасці гэта зрабіла яго жонка Святлана Ціханоўская, але ЦВК не зарэгістраваў блогера ў якасці прэтэндэнта ў кандыдаты, паколькі даверанасць, як сцвярджалася, не была ім падпісаная.
Пасля гэтага дакументы падала Ціханоўская, і Цэнтрвыбаркам зарэгістраваў яе ў якасці прэтэндэнта на прэзідэнцкую пасаду.
Пасля заканчэння адміністрацыйнага арышту Ціханоўскі стаў даверанай асобай жонкі і далучыўся да кампаніі па зборы подпісаў за яе вылучэнне. 29 траўня 2020 года ён быў затрыманы ў Гродне пасля правакацыі падчас чарговага пікету па зборы подпісаў.
У сакавіку 2021 года Следчы камітэт завяршыў расследаванне крымінальнай справы ў дачыненні да Ціханоўскага. 14 снежня 2021-га ён быў прыгавораны да 18 гадоў пазбаўлення волі паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэкса.
27 лютага 2023 года яму дадалі яшчэ 1,5 года зняволення за “злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы”.
З 9 сакавіка 2023 года Ціханоўскі знаходзіцца ў поўнай інфармацыйнай ізаляцыі (інкамунікада).
- Грамадства
- Палітыка
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- Палітыка, Эканоміка
- Грамадства
- ГрамадстваМУС рэкамендуе прыбываць на святочныя мерапрыемствы 3 ліпеня загадзя — праз надгляд і абмежаванне руху (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Эканоміка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- ЭканомікаУ Гомельскай вобласці сума страт на адну стратную арганізацыю вырасла ў 2,6 раза, у Магілёўскай — зменшылася на 1,6%Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+