Мінск 10:14

Вячорка: У дакументах па спецтрыбунале ўзгадваецца Лукашэнка

Архіўнае фота: Офіс Ціханоўскай

14 траўня, Позірк. У дакументах па ўкраінскім спецтрыбунале, якія бачылі прадстаўнікі дэмсіл, “каротка ўзгадваецца роля [Аляксандра] Лукашэнкі, Генштаба, Рады бяспекі як саўдзельнікаў падчас першай фазы вайны, калі пачалася агрэсія і напад на Украіну з тэрыторыі Беларусі”, паведаміў у эфіры праграмы “Звычайная раніца” 14 траўня галоўны дарадца дэмакратычнага лідара Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка.

Паводле яго, пытанне трыбуналу — шматгадавое, аб яго стварэнні “не будзе абвешчана сёння — і заўтра ўсіх пасадзяць”.

Але пачынаецца “важны працэс легальнага разбіральніцтва, збору доказаў злачынстваў агрэсіі, фіксацыі імёнаў ахвяраў, потым — вызначэнне кампенсацыяў”: “Гэта адыграе ролю ў будучым, каб не паўтарылася агрэсія, каб іншыя краіны ведалі, што іх чакае, калі яны рэалізуюць такую ж агрэсію”.

“Нашая задача — каб у дыскусіі па трыбунале ўключыць беларускі кампанент, каб адзначыць, што беларускі народ не нясе роўную адказнасць з Расіяй за агрэсію, таму што ўзяты ў закладнікі, а лукашэнкаўскі рэжым нелігітымны, і другое — уключыць імёны Лукашэнкі і ягоных памагатых у дакументы трыбуналу, каб яны не пазбеглі адказнасці”, — адзначыў дарадца.

Аднак пакуль не ўдалося вырашыць праблему імунітэту Лукашэнкі, дадаў палітык: “Яна рэлевантна і для Пуціна, бо лідары дзяржаваў не прыцягваюцца [да адказнасці] напрамую. Але гэта не значыць, што сам працэс не можа пачацца. Таму будзе Лукашэнка і найбліжэйшыя ваенныя начальнікі, якія прадастаўлялі інфраструктуру, мы хочам, каб былі даданыя тыя, хто ўдзельнічае ў пастаўках зброі цяпер для Расіі, якая выкарыстоўваецца ў вайне супраць Украіны”.

На думку Вячоркі, трэба быць гатовымі да таго, што прыдзецца даваць Лукашэнку “шляхі адыходу” ў прыпадку дабраахвотнага адыходу ад улады, што, аднак, “не вызваляе ад адказнасці ўсіх непасрэдных удзельнікаў злачынстваў”.

“Палітычнае рашэнне” аб стварэнні спецыяльнага трыбунала па ваеннай агрэсіі ва Украіне анансаваў 7 траўня намеснік кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка.

Аб завяршэнні працы па стварэнні трыбунала заявіла 9 траўня кааліцыя з 35 дзяржаў — членаў Савета Еўропы. Гэта адбылося па выніках сустрэчы ў Львове міністраў замежных спраў гэтых краін з удзелам вярхоўнага прадстаўніка Еўрасаюза па замежных справах і палітыцы бяспекі Каі Калас.

14 траўня Ціханоўская на сустрэчы ў Люксембургу са старшынём Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы (ПАСЕ) Тэадорасам Русопуласам абмеркавала неабходнасць прыцягнення Аляксандра Лукашэнкі да адказнасці ў рамках спецыяльнага трыбунала.

Падзяліцца: