Мінск 18:56

Сем банкаў абвясцілі аб новаўвядзеннях у працы з кліентамі

19 траўня, Позірк. Сем банкаў, якія працуюць у Беларусі, паведамілі аб змене асобных правілаў абслугоўвання і прадставілі новыя магчымасці для кліентаў, сведчыць праведзены Позіркам” маніторынг іх актуальных прэс-рэлізаў.

Альфа Банк у Беларусі запусціў “Платформу 360°” — пляцоўку для бізнесу, на якой сабраная інфармацыя па пытаннях адкрыцця сваёй справы. Выкарыстоўваючы сэрвіс, на думку банка, можна “пісьменна падрыхтаваць дакументы для рэгістрацыі бізнесу, адкрыць банкаўскі рахунак, падключыць аплатныя рашэнні, запытаць крэдыт і іншыя банкаўскія паслугі, атрымаць на асаблівых умовах паслугі ад партнёраў “Альфы” па бухуліку, падатках, юрыдычным суправаджэнні”.

“Белгазпрамбанк” павялічыў ліміт зняцця наяўнай замежнай валюты з уласных картак у касах і банкаматах банка: 20 тыс. долараў (тут і далей у эквіваленце) у суткі; 100 тыс. долараў у месяц.

“БНБ-Банк” пераводзіць кліентаў, якія абслугоўваюцца па пакеце паслуг “Паспяховы старт”, на іншыя банкаўскія прадукты: пакет “Перспектыўны” — кліенты з аб’ёмам гадавой выручкі да 1 млн долараў; пакет “Аптымальны” — з аб’ёмам гадавой выручкі звыш 1 млн долараў. Карыстальнікі “Паспяховага старту” у залежнасці ад аб’ёму гадавой выручкі таксама могуць перайсці на іншы пакет паслуг. Для гэтага ім неабходна да 2 чэрвеня падаць у банк заяву.

“БСБ Банк” прадаставіў кліентам магчымасць здзяйсняць анлайн-пераводы з карты на карту не толькі ў рублях, але і ў доларах і еўра. Перавагамі названыя прамыя пераводы паміж картамі без прамежкавай канвертацыі, хутчэй і танней міжнародных пераводаў, без неабходнасці наведвання аддзялення банка. Спосабы пераводу: праз мабільнае прыкладанне або на сайце банка. Ліміты на адзін перавод: 2 тыс. рублёў, па 500 долараў і еўра.

МТБанк 2 чэрвеня не будзе банкам-партнёрам “Белінвестбанка”. За зняцце грошай у банкаматах “Белінвестбанка” з картак “МТБанка” камісія складзе 4% ад сумы: па картах у рублях — мінімум 7 рублёў, доларах і еўра — па 4 долары і еўра адпаведна.

“Сбер Банк (Беларусь)” прыпыніў заключэнне безадзыўных дэпазітаў “Захоўвай” і “Прэміум даверны” ў доларах з тэрмінамі размяшчэння 90–182 і 183–369 дзён. Цяпер можна скарыстацца гэтымі планамі з больш доўгім размяшчэннем — на 370–550, 551–734, 735–750 дзён.

“Статусбанк” будзе спаганяць камісію ў памеры 100 рублёў за адкрыццё бягучага (разліковага) рахунку нерэзідэнтам. Выключэнне складуць бягучыя рахункі, якія адкрываюцца ў рамках зарплатнага праекта або ў сістэме дыстанцыйнага банкаўскага абслугоўвання “Інтэрнэт-Банк”.

На 1 красавіка 2025 года ў Беларусі быў зарэгістраваны 21 банк (тры з іх — са 100-працэнтным замежным удзелам). Іх статутны капітал — 10 млрд 19 млн рублёў (за год стаў больш на 9,3%), прыбытак — 859,5 млн рублёў (-1,8%).

Падзяліцца: