Мінск 03:49

Беларусь увайшла ў трыццатку найбольш “уплывовых” краін свету, якія “хвалююць палітыкаў“

19 траўня, Позірк. Паводле версіі амерыканскага навінавага часопіса U.S. News and World Report, Беларусь “займае 29-е месца (з 89. — “Позірк”.) у рэйтынгу найбольш уплывовых краін свету”, паведаміў 19 траўня шэраг дзяржаўных СМІ.

Пры гэтым яны адзначаюць, што “Беларусь абышла такія краіны, як Бельгія, Польшча, Аўстрыя, Нарвегія і інш., а ў спісе няма ніводнай з краін Балтыі“.

Адзначаецца, што “U.S. News and World Report у партнёрстве з BAV Group і Уортанскай школай бізнесу Пенсільванскага ўніверсітэта штогод складае рэйтынг найбольш уплывовых краін свету. Як адзначае выданне, працэс іх вызначэння складаны. Улада выяўляецца ў шматлікіх формах: ад ваеннай і эканамічнай моцы да палітычнага і культурнага ўплыву. Гэтыя краіны ствараюць глабальныя эканамічныя мадэлі, падтрымліваюць моцную армію і фарміруюць знешнюю палітыку, наступствы якой адбіваюцца на ўсім свеце“.

У той жа час, паводле першакрыніцы, “найбольш магутныя (powerful) краіны свету — гэта тыя, якія ўвесь час трапляюць у загалоўкі навін, хвалююць палітыкаў і фармуюць глабальныя эканамічныя мадэлі. <…> Калі яны даюць абяцанне, прынамсі, некаторыя сябры міжнароднай супольнасці вераць — або баяцца — што яны яго выканаюць. Гэтыя краіны праецыююць свой уплыў на сусветную арэну”.

Удакладняецца, што рэйтынг “заснаваны на сярэднеўзважаным значэнні адзнак па шасці атрыбутах краіны, якія адносяцца да яе сілы: лідар, эканамічна ўплывовая, з моцным экспартам, палітычна ўплывовая, з моцнымі міжнароднымі саюзамі і моцнымі ўзброенымі сіламі“.

На сайце U.S. News and World Report ёсць мноства розных рэйтынгаў, у іх месцы Беларусі значна ніжэйшыя (ад 64-га да 89-га з 89). У прыватнасці, паводле якасці жыцця краіна размяшчаецца на 88-м месцы, а ў комплексным рэйтынгу “Найлепшыя краіны свету“ — на апошнім радку. Краіны, якія не ўвайшлі ў згаданы рэйтынг, на думку яго складальнікаў, проста не адносяцца на найлепшых.

Падзяліцца: