Мінск 21:45

Лукашэнка незадаволены недастатковым выкарыстаннем другасных рэсурсаў

Ілюстрацыйнае фота: pixabay.com

20 траўня, Позірк. Незадаволенасць аб’ёмамі вынятых у Беларусі другасных рэсурсаў выказаў Аляксандр Лукашэнка 20 траўня ў Мінску на нарадзе па пытаннях абыходжання з адкідамі.

“Мы не маем нафты і газу — першасных выкапняў, як вы іх называеце, — цытуе спікера яго прэс-служба. — Але аднаўляльныя і другасныя рэсурсы — гэта нашае “золата” літаральна пад нагамі, якім мы вельмі слаба займаемся. <…> Я часта прыводжу прыклад Швейцарыі. Амаль усе перапрацоўваюць. А мы збіраемся і адзін аднаго ўгаворваем”.

На думку Лукашэнкі, другасныя рэсурсы — гэта “рэзерв для росту эканомікі”. Ён нагадаў, што гэтая тэма ўжо абмяркоўвалася 11 гадоў таму, з тае пары “было прынята шмат праграм і мерапрыемстваў, укладзеныя бюджэтныя рэсурсы”.

“Далёка мы рушылі наперад у гэтым плане, ці маецца вынік ад нашага “рыўка”? — спытаў ён ва ўдзельнікаў нарады. — Шараговы беларус адчуў нейкія змены, хаця б у сваіх паводзінах пры сартаванні бытавых адкідаў або выкарыстанні папяровага пакавання?”

Паводле слоў Лукашэнкі, трэба “комплексна прааналізаваць” работу ўрада і выканкамаў у гэтай сферы. “Чаму слаба здабываем другасныя матэрыяльныя рэсурсы і спараджаем імпарт? За 2024 год завезлі 22 тысячы тон макулатуры, па 2 тысячы тон адходаў шкла і пластмас. Мільёны долараў!” — заявіў ён.

У працы з адкідамі, адзначыў чалавек з адукацыяй гісторыка і эканаміста ў сферы сельскай гаспадаркі, “маюцца два падыходы”: будаўніцтва новых палігонаў і ліній сартавання або прадухіленне з’яўлення адкідаў на ўсіх этапах. У сувязі з гэтым ён запатрабаваў праінфармаваць яго, як “працуе эканоміка замкнёнага цыкла”.

“Хоць, як мяне інфармуе Камітэт дзяржаўнага кантролю і не толькі, у краіне пакуль не выбудаваная празрыстая сістэма ўліку руху адкідаў ад іх утварэння да выкарыстання або пахавання, — падкрэсліў Лукашэнка. — У прамысловасці захоўваюцца мільёны тон каштоўнай сыравіны, але мала хто гэтай праблемай прадметна займаецца”.

Акрамя таго, паводле слоў спікера, пакуль “цалкам не вырашаныя пытанні кантэйнернага збору камунальных адкідаў”.

Лукашэнка даручыў ацаніць працу аператара другасных матэрыяльных рэсурсаў. “Мы структуру стварылі, начальнікі там маюцца. Што зроблена за гэты час? Мы стваралі гэту структуру, па сутнасці, як галоўнага кантралёра ў гэтай сферы ад імя дзяржавы. Ці рацыянальна выкарыстоўваюцца фінансавыя сродкі (1,3 мільярда рублёў за 10 гадоў)? Наколькі абгрунтаваныя выбраныя напрамкі інвестыцый, якая ад іх аддача ва ўвязцы з ростам збору?” — спытаў ён.

Палітык спытаў, якія прычыны “затрымак з уводам аб’ектаў”, а таксама чаму “закупляецца параўнальна простае імпартнае абсталяванне (транспарцёры і таму падобнае), якое ў Беларусі самі здольныя вырабляць”.

У лютым міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Сяргей Масляк заяўляў, што ў Беларусі, “як і ў іншых развітых краінах”, адкідаў “утвараецца шмат”: “Больш за 50 млн тон ад вытворчасці і каля 4 млн тон цвёрдых камунальных адкідаў на год”.

Пры гэтым узровень выкарыстання камунальных адкідаў, паводле яго слоў, дасягнуў 38,4%;

шэрагу адкідаў вытворчасці — палімераў, зношаных шын, макулатуры, шклабою — 90% і больш.

Падзяліцца: