Мінск 18:29

У Паставах жанчына патанула ў калодзежы

23 траўня, Позірк. Аб двух патанулых за мінулыя дзяжурныя суткі (з 6:00 22 траўня да 6:00 23 траўня) паведамляецца ў аператыўнай зводцы Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.

У Паставах (Віцебская вобласць) з пітнога калодзежа вынятая жанчына 1972 года нараджэння, адзначае ведамства. Калодзеж мае глыбіню 7 метраў, дыяметр — 1 м. Размешчаны на тэрыторыі прыватнага домаўладання.

У рацэ Друць каля вёскі Новае Радча Круглянскага раёна (Магілёўская вобласць) знойдзена цела мужчыны 1989 г. н.

Аб двух патанулых у мінулыя выхадныя Позірк” паведамляў 18 траўня. На вадзе загінулі жанчына 1961 г.н. (у Ляхавіцкім раёне Брэсцкай вобласці) і мужчына 1963 г. н. (Светлагорскі раён Гомельскай вобласці).

32-гадовы жыхар Лельчыцкага раёна (Гомельская вобласць) памёр у салоне аўтамабіля, які “самаадвольна з’ехаў” у раку Прыпяць, паведаміла 12 траўня прэс-служба Следчага камітэта.

Паводле інфармацыі ведамства, мужчына разам з 38-гадовым жыхаром таго ж раёна паехаў на рыбалку ў Мазырскі раён (Гомельская вобласць). Рыбакі размясціліся на правым беразе Прыпяці ля вёскі Шастовічы.

“Папярэдне высветлена, што падчас рыбалкі мужчыны ўжывалі спіртное. На начлег размясціліся ў аўтамабілі. “Ніва”, што стаяла пад ухілам, самаадвольна з’ехала ў раку. У старэйшага мужчыны атрымалася выбрацца з салона і выратавацца. Малодшы патануў. Той рыбак, што выжыў, дабег да бліжэйшай вёскі і выклікаў ратавальнікаў”, — паведаміў СК.

12 траўня Міністэрства па надзвычайных сітуацыях паведаміла, што “11 траўня ў 15:46 паступіла паведамленне пра выяўленне патанулага мужчыны ў рацэ Свіслач у г. Мінску па вул. Маякоўскага”. Работнікі МНС дасталі з вады цела грамадзяніна 1985 года нараджэння.

Падзяліцца: