Мінск 21:46

Да вечара 24 траўня не будуць працаваць мытныя сістэмы Літвы, пагранслужба Беларусі заклікала ўлічваць гэта пры выездзе

Ілюстрацыйнае фота: Дзяржпагранкамітэт

24 траўня, Позірк. З 6:00 да 18:00 24 траўня ў Літве праводзіцца планавае абслугоўванне праграмнага забеспячэння мытных сістэм, паведамляе Мытная служба пры Міністэрстве фінансаў гэтай балтыйскай дзяржавы.

Адзначаецца, што праз абслугоўванне не будуць працаваць сістэма апрацоўкі мытных дэкларацый (MDAS), інтэлектуальная сістэма апрацоўкі мытных дэкларацый (iMDAS), нацыянальная сістэма транзітнага кантролю (NTKS), сістэма збору і апрацоўкі даных пра тавараабарот Літвы з дзяржавамі Еўрасаюза (IDAIS), сістэма прадстаўлення тавараў мытнаму кантролю (PPMKS), а таксама нацыянальныя кампаненты сістэмы імпарту і кантролю (ICS2).

“У названы перыяд, на жаданне дэкларантаў, для падачы і афармлення мытных дэкларацый будзе прымяняцца працэдура забеспячэння бесперапыннасці дзейнасці і звязаныя з ёй дзеянні, — гаворыцца ў паведамленні. — Звяртаем увагу, што ў перыяд недаступнасці сістэм iMDAS, MDAS, NTKS пры падачы мытных дэкларацый не трэба накіроўваць у Цэнтр ІТ-паслуг Мытнага інфармацыйнага цэнтра запыт на дазвол прымяняць “папяровую” (працэдуру бесперапыннасці)”.

“Таксама ў гэты перыяд не будзе магчымасці падаваць дэкларацыі на выпуск у свабоднае абарачэнне пасылак з таварамі малога і нязначнага кошту, а агульныя ўваходныя дэкларацыі (ENS), пададзеныя праз сістэму ICS2, не будуць апрацоўвацца карэктна”, — адзначыла Мытная служба Літвы.

Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі, атрымаўшы ад “сумежнага боку” адпаведныя звесткі, заклікаў грамадзян “улічваць гэтую інфармацыю пры планаванні выезду” ў Літву.

8 жніўня 2023 года Літва закрыла пункты пропуску Шумскас (з беларускага боку — Лоша) і Цвярачус (Відзы), 1 сакавіка 2024-га — Лаварышкес (Катлоўка) і Райгардас (Прывалка). На мяжы з Беларуссю працягваюць працаваць два пагранпераходы — Мядзінінкай (Каменны Лог) і Шальчынінкай (Беняконі).

Падзяліцца: