Мінск 16:17

Улады Фінляндыі могуць забараніць беларусам купляць нерухомасць

Будынак Мінабароны Фінляндыі
Фота: yle.fi

25 траўня, Позірк. Законапраект, які забараняе грамадзянам Беларусі і Расіі здзелкі з нерухомасцю, вынесены ў Фінляндыі на грамадскае абмеркаванне, паведамляе партал yle.fi.

Папраўкі ініцыяваныя Міністэрствам абароны краіны, адзначае выданне.

Падкрэсліваецца, што раней парламент прыняў закон, які дазваляе абароннаму ведамству блакаваць здзелкі з нерухомасцю для “асоб або арганізацый, дзяржава якіх развязала агрэсіўную вайну ці можа прадстаўляць пагрозу бяспецы Фінляндыі”.

“У Мінабароны адзначылі, што згодна з пастановамі Савета Еўрапейскага саюза і інфармацыі ўладаў, Расія і Беларусь адпавядаюць гэтым крытэрыям”, — гаворыцца ў публікацыі.

Пры гэтым, як паведамляецца, да прыняцця паправак заявы грамадзян Беларусі і РФ на атрыманне дазволаў на здзелкі з нерухомасцю будуць разглядацца ў звычайным парадку.

Грамадскае абмеркаванне законапраекта працягнецца да 9 чэрвеня. Мінабароны разлічвае на яго прыняцце да канца першага летняга месяца.

9 красавіка паведамлялася, што куплю нерухомасці грамадзянам Беларусі могуць забараніць у Латвіі. Адпаведны законапраект падрыхтаваны да другога чытання ў Сейме. Мэта дакумента, як адзначалася, — не дапусціць некантралюемы ўплыў на латвійскую эканоміку, да якога можа прывесці канцэнтрацыя грамадзян краін і іх капіталу на тэрыторыі Латвіі, “выкарыстання капіталу гэтых краін і іх грамадзян супраць латвійскіх інтарэсаў”.

Падзяліцца: