Мінск 23:04

У аздараўленчых лагерах Чэрвеньскага раёна знойдзена гульнявое абсталяванне ў аварыйным стане

25 жніўня, Позірк. Гульнявое абсталяванне ў аварыйным стане выявіла пракуратура Мінскай вобласці ў некаторых аздараўленчых лагерах Чэрвеньскага раёна.

Як паведамляе Генпракуратура, на тэрыторыі адной з устаноў выяўлена лесвіцу без драўляных перакладзін: “З бэлек тырчалі цвікі, а падстава поручня згніла”. Гэта можа траўміраваць дзяцей, зазначае ведамства.

Устаноўлены “асобныя факты невыканання санітарна-эпідэміялагічных патрабаванняў і патрабаванняў пажарнай бяспекі”: на харчаблоках выкарыстоўваўся посуд са сколамі і расколінамі, асобныя прадукты захоўваліся з парушэннем правілаў. Былі таксама выяўлены памяшканні лагера, якія выкарыстоўваліся не па прызначэнні.

У некаторых лагерах кантэйнеры для смецця былі перапоўнены, а сутарэнныя памяшканні падтоплены каналізацыйнымі водамі.

Выяўлены таксама парушэнні пры эксплуатацыі дзіцячых гульнявых пляцовак і абсталявання, размешчаных на дваровых тэрыторыях. Так, “у шэрагу выпадкаў на арэлях адсутнічалі сядзенні або яны знаходзіліся ў разбураным стане, драўляныя падставы арэляў-каруселяў згнілі і патрабавалася іх замена, пластмасавыя горкі мелі скразныя расколіны”.

У пясочніцах расло пустазелле, самі яны не былі абсталяваны вечкамі, у некаторых — “адсутнічаў пясок і іх бакавыя элементы”. На дзіцячых гульнявых пляцоўках своечасова не касілі траву, ігральнае абсталяванне патрабавала афарбоўкі. На некаторых пляцоўках валяліся камяні, аскепкі асфальту і бытавое смецце, адзначае Генпракуратуа.

Па выніках праверак пракурор Чэрвенскага раёна ўнёс прадстаўленне ў раённы выканаўчы камітэт, запатрабаваўшы прыняць меры да ўстаранення парушэнняў.

“У мэтах выканання патрабаванняў пракурора згнілыя драўляныя элементы гульнявога абсталявання аператыўна заменены, доступ да элементаў, якія прадстаўляюць небяспеку, абмежаваны. На харчаблоку дзіцячага лагера наведзены парадак, смецце вывезена з тэрыторыі, а пытанне з падтапленнем узята на кантроль”, — адсправаздачылася ведамства.

19 жніўня паведамлялася, пракуратура Вілейскага раёна (Мінская вобласць) спыніла дзейнасць несанкцыянаванага дзіцячага лагера.

10 ліпеня паведамлялася, што “неналежны стан гульнявога абсталявання” ў некаторых дзіцячых летніх лагерах Магілёўскай вобласці выявілі органы пракуратуры.

6 ліпеня 2025 года стала вядома, што на пажары ў аздараўленчым лагеры ў Маладзечанскім раёне (Мінская вобласць) пацярпелі тры чалавекі з ліку персаналу ўстановы, якія атруціліся прадуктамі гарэння, спрабуючы ўласнымі сіламі тушыць узгаранне.

14 ліпеня 2024-га ў лагеры ў Рэчыцкім раёне Гомельскай вобласці падчас урагану загінула дзіця. Пракуратура вобласці заявіла аб “фармальным стаўленні адміністрацыі да правядзення інструктажоў, трэніровак па эвакуацыі і дзеяннях у надзвычайных сітуацыях”.

Пасля надзвычайнага здарэння наглядныя мерапрыемствы і праверкі дзіцячых аздараўленчых лагераў пачасціліся.

Падзяліцца: