Мінск 05:14

Лукашэнка хоча аднавіць “узаемавыгаднае партнёрства” з Грузіяй

Ілюстрацыйнае фота: Max Kukurudziak / unsplash.com

26 мая, Позірк. Мінск высока ацэньвае намаганні Тбілісі па “захаванні суверэнітэту” і лічыць, што яны будуць садзейнічаць росквіту Грузіі, адзначыў Аляксандр Лукашэнка, віншуючы 26 траўня грузінскага прэзідэнта Міхеіла Кавелашвілі і жыхароў краіны з Днём незалежнасці.

“На працягу тысячагоддзя грузінскі народ, які знаходзіўся на скрыжаванні інтарэсаў вялікіх імперый, вёў упартую барацьбу за сваю дзяржаўнасць, мужна абараняў самабытнасць роднага краю і верыў у яго светлую будучыню”, — прыводзіць тэкст паслання прэс-служба віншавальніка.

Лукашэнка лічыць, што “шматгадовая гісторыя дружалюбных беларуска-грузінскіх стасункаў” мае стаць “трывалай асновай для аднаўлення ўзаемавыгаднага партнёрства паміж дзвюма краінамі, садзейнічаць дабрабыту” народаў дзвюх краін, а таксама “стабільнасці і бяспекі на Еўразійскім кантыненце”.

Некалькімі днямі раней, 22 траўня, палітык прызначыў новага амбасадара Беларусі ў Грузіі — Мікалая Рагашчука. Даючы наказ дыпламату, Лукашэнка заявіў, што ў Мінска і Тбілісі “зрушыліся стасункі ў лепшы бок”.

“Я вельмі задаволены, што гэта адбылося, — сказаў ён. — Грузіны да нас вельмі добра ставяцца. Вельмі шануюць наш народ. Ды і да кіраўніцтва краіны больш-менш нармальнае стаўленне. Так, ім у галовы ўбівалі, што мы там праціўнікі, сапернікі і ледзь не ворагі”.

“Мы для грузінскага народа ніколі праціўнікамі не былі. Мы за тое, каб і асеціны, і абхазцы жылі ў міры з грузінамі. Як яны ўжо там вызначацца — гэта іх пытанні. Мы туды не лезем, не ўмешваемся. Трэба рабіць так, як лепш для людзей. Гэта наша пазіцыя”, — дадаў ён.

У снежні 2024 года ўпершыню за часы незалежнасці Грузіі прэзідэнта абіралі не ўсеагульным галасаваннем, а праз калегію выбаршчыкаў. Кавелашвілі — адзіны кандыдат — быў вылучаны кіроўнай партыяй “Грузінская мара” (89 з 150 дэпутацкіх крэслаў) прарасійскага алігарха Бідзіны (Барыса) Іванішвілі, апрача якой у заканадаўчым органе больш нікога няма. Апазіцыйныя сілы, якія прайшлі ў парламент на леташніх выбарах, абвінавацілі “Грузінскую мару” ў фальсіфікацыях, адмовіліся прызнаваць вынікі электаральнай кампаніі і не ўдзельнічаюць у пасяджэннях. У краіне не спыняюцца акцыі пратэсту.

11 лютага стала вядома, што Кавелашвілі павіншаваў Лукашэнку з перамогай у так званых прэзідэнцкіх выбарах.

28 верасня 2022 года Лукашэнка здзейсніў візіт у Абхазію, дзе сустрэўся з тагачасным кіраўніком самаабвешчанай дзяржавы на тэрыторыі Грузіі Асланам Бжаніяй. Візіцёр тады заявіў: “Настальгія ніколі не пакідае нас. У далёкія часы, можа быць, у 25–27 гадоў я быў на гэтай святой зямлі. Натуральна, не прэзідэнтам. Можна сказаць, звычайным чалавекам, дэпутатам парламента”.

Паводле яго слоў, прыезд беларускай дэлегацыі ў Абхазію не быў звязаны “з нейкай асаблівай сітуацыяй”. Лукашэнка назваў рэспубліку “райскім кутком”, а яе жыхароў — “святымі людзьмі”. “Мы хочам наладзіць не проста мост сяброўства, а вельмі сур’ёзныя стасункі”, — заявіў ён.

Пасля яго візіту ў гэтую самаабвешчаную рэспубліку падкантрольнай Аляксандру Лукашэнку кампаніі было перададзена 200 тыс. квадратных метраў (20 га) зямлі, паведамлялася ў расследаванні Беларускага расследавальніцкага цэнтра (БРЦ).

21 лютага 2023 года Лукашэнка прыняў Бжанію ў Мінску.

Грузінскія ўлады раскрытыкавалі Мінск за падобныя кантакты Лукашэнкі ў абыход Тбілісі.

Незалежнасць Абхазіі прызнаюць Расія, Нікарагуа, Венесуэла, Науру і Сірыя. Пасля ўзброенага канфлікту 2008 года, у якім Абхазію актыўна падтрымала Расія, Тбілісі дэ-факта страціў кантроль над гэтай тэрыторыяй.

Юрыдычна Беларусь не прызнала незалежнасць Абхазіі.

Грузія стала адной з краін, куды пасля пратэстаў і распачатых рэпрэсій выехала нямала беларусаў. Аднак у краіне грамадзяне Беларусі ўсё часцей сутыкаюцца з праблемамі. У 2019–2024 гадах Грузія не задаволіла ніводнае хадайніцтва беларускіх грамадзян аб наданні прытулку.

Падзяліцца: