Кіраўнік МУС Літвы выступіў за далейшае ўмацаванне мяжы з Беларуссю

27 траўня, Позірк. Сітуацыя на мяжы з Беларуссю “застаецца напружанай”, заявіў міністр унутраных спраў Літвы Уладзіслаў Кандратовіч падчас наведвання 26 траўня памежнай заставы ў Падваронісе і пункта пропуску Мядзінінкай разам з еўракамісарам па ўнутраных справах і міграцыі Магнусам Брунерам.
Літоўскі чыноўнік канстатаваў, што сёлета “назіраецца рост плыняў нелегальных мігрантаў”.
“Літва пастаянна адбівае гібрыдныя атакі. <…> Нашы памежнікі стаяць на перадавой, абараняючы не толькі мяжу Літвы, але і ўсяго Еўрасаюза”, — цытуе Кандратовіча прэс-служба МУС.
Паводле слоў міністра, 90% памежнікаў аснашчана “ўзбраеннем, якое адпавядае стандартам НАТО”, працягваецца “мадэрнізацыя патрульных маршрутаў”.
“Мы павінны і надалей умацоўваць бяспеку літоўскай мяжы, — заявіў ён. — Для гэтага патрэбныя сучасныя сродкі, якія даюць магчымасць рэагаваць на пагрозы, што ўзнікаюць тут і цяпер. Тэхналогіі развіваюцца, і нашы рашэнні павінны быць інавацыйнымі, таму мы кажам пра так званую “дронавую мяжу” і выкарыстанне штучнага інтэлекту”.
Кандратовіч таксама заявіў, што Літве неабходна ўжо зараз задумацца пра абнаўленне тэхнічнага абсталявання на мяжы з Беларуссю і Расіяй.
“Мы бачым, што сапраўды неабходна інвеставаць у абсталяванне, у тым ліку ў абсталяванне для назірання, — прыводзіць словы чыноўніка LRT. — На жаль, сістэмы маюць уласцівасць з часам старэць. Нам трэба пачаць падрыхтоўку да абнаўлення ўсіх сістэм ужо сёння”.
Сярод іншага, падкрэсліў ён, трэба абсталяваць “пад’язныя шляхі да дзяржаўнай мяжы”: “Як мы бачым, аператыўнае рэагаванне дае магчымасць своечасова абараняць нашу мяжу і стрымліваць нелегальных мігрантаў, якіх выкарыстоўваюць як зброю супраць нашай краіны, ад перасячэння нашай мяжы”.
Кіраўнік МУС выказаў спадзеў, што ЕС выдзеліць сродкі на гарантаванне бяспекі межаў: “Калі б была такая магчымасць прафінансаваць гэтыя праекты, гэта было б сапраўды добра”. Брунер, паводле інфармацыі медыя, заявіў, што абмяркуе магчымасці падтрымкі ЕС з прадстаўнікамі ўрада Літвы.
Еўракамісар заявіў, што “ўсе дзяржавы ЕС зазнаюць гібрыдныя атакі” з боку РФ і Беларусі.
Адметна, што прэм’ер-міністр Літвы Гінтаўтас Палуцкас на мінулым тыдні заявіў журналістам, што ў краіны атрымалася даць рады міграцыйнаму крызісу на мяжы з Беларуссю. “Дзякуючы нашым намаганням, цяпер мы выглядаем выключэннем сярод краін Балтыі і Польшчы, таму што спробаў перасекчы нашу мяжу сёння — нуль”, — сказаў чыноўнік.
У дзень, калі літоўскія СМІ распаўсюдзілі гэтую заяву, сітуацыя на мяжы з Беларуссю зноў пагоршылася. Згодна з праведзеным “Позіркам” аналізам даных памежнай службы Літвы, пасля васьмі спакойных дзён зноў сталі фіксавацца спробы нелегальнага пранікнення з беларускай тэрыторыі: 22 траўня — 11, 23-га —2, 24-га — 9, 25-га — 11, 26-га — 11.
Ад пачатку 2025 года Літва прадухіліла 756 такіх спробаў (за той жа перыяд 2024-га — 217).
Міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і краін ЕС цягнецца з вясны 2021 года. Улады суседніх еўрапейскіх дзяржаў лічаць яго “гібрыднай атакай”, арганізаванай рэжымамі ў Мінску і Маскве.
Аляксандр Лукашэнка неаднаразова заяўляў, што беларускія пагранічнікі не будуць спыняць нелегальных мігрантаў, якія накіроўваюцца ў Еўрасаюз праз Беларусь, бо іх туды “паклікалі”.


- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаЗа першы тыдзень снежня суседнія краіны ЕС зафіксавалі 39 спробаў нелегальнага пераходу на сваю тэрыторыю з Беларусі (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- ПалітыкаЦіханоўская наведае цырымонію ўручэння Нобелеўскай прэміі міруМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Бяспека, Палітыка
- Грамадства
- Палітыка
- ПалітыкаДэмсілы працуюць над "Еўрапейскай дарожнай картай для Беларусі" — Ціханоўская (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаУ 2026 годзе ЕС выдзеліць 30 млн еўра на дапамогу народу Беларусі — еўракамісар Кос (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Бяспека, Грамадства
- Бяспека, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- Эканоміка
- Грамадства
- ГрамадстваДамовы саюзнага страхавання транспартных сродкаў заключылі больш за 40 тыс. аўтаўладальнікаў — Мінфін (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- ЭканомікаКампартыя В'етнама кантралюе пытанне адкрыцця ў 2026 годзе лініі па зборцы трактароў МТЗ — ВальфовічМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+

