Мінск 23:20

КДБ унёс у спіс “тэрарыстаў” 15 чалавек, у тым ліку байцоў палка Каліноўскага і блогера Бяспалава

Крыніца: mogilevnews.by

9 чэрвеня, Позірк. 15 чалавек унёс Камітэт дзяржаўнай бяспекі ў пералік “фізічных асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці”, вынікае з абноўленай інфармацыі ў спецыяльным тэлеграм-канале ведамства.

Адпаведны спіс папоўнілі кіраўнікі падраздзяленняў і байцы палка Каліноўскага Вячаслаў Граноўскі (падставай уключэння ў спіс названы прыгавор, які набыў моц, паводле арт. 2905, 361 Крымінальнага кодэкса), Ігнат Кірэеў (арт. 2902, 2904, 2905, 361 КК), Арцём Бігель (арт. 130, 2905, 361 КК), Ян Мельнікаў (арт. 130, 2902, 2904, 361 КК) і Анастасія Махамет (2902, 2904, 361 КК). Усе яны асуджаныя завочна на доўгія тэрміны пазбаўлення волі.

Таксама “тэрарыстам” прызнаны завочна асуджаны на 18 гадоў зняволення блогер і (па вызначэнні сілавых органаў) “стваральнік і кіраўнік экстрэмісцкага фарміравання “МАЯ КРАІНА БЕЛАРУСЬ” Сяргей Бяспалаў (арт. 130, 293, 361 КК).

Спіс папоўнілі палітвязні Ігар Драбышэўскі, Даніла Чыбісаў (абодва — арт. 361 КК), Дзмітрый Сончык (арт. 130 КК) і Ігар Майсеенка (арт. 130, 361 КК). Прыгаворы праваабаронцам невядомыя.

Акрамя таго, “тэрарыстамі” прызнаныя Аляксандр Гаршуноў, Лідзія Гарохава, Алег Ерашэнкаў (усе прыгавораныя паводле арт. 361 КК), Крысціна Лапкоўская (арт. 130 КК) і Арцём Кухаронак (арт. 130, 361 КК).

У “спісе тэрарыстаў” 1.410 пазіцый, 1.299 чалавек, з іх 604 — грамадзяне Беларусі. Абвешчаным “тэрарыстамі” зняволеным забаронена атрымліваць грашовыя пераводы.

Даведка “Позірку”:

арт. 130 Крымінальнага кодэкса — распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы;

арт. 2902 — садзейнічанне тэрарыстычнай дзейнасці;

арт. 2904 — стварэнне арганізацыі для ажыццяўлення тэрарыстычнай дзейнасці або ўдзел у ёй;

арт. 2905 — арганізацыя дзейнасці тэрарыстычнай арганізацыі і ўдзел у дзейнасці такой арганізацыі;

арт. 293 — масавыя беспарадкі;

арт. 361 — заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый), іншым дзеянням, накіраваным на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспекі.

Падзяліцца: