Мінск 14:22

Удзел у групе “Беларусь — ЕС” дазваляе ўзгадняць крокі па падтрымцы дэмакратычнай Беларусі — Астапенка

Архіўнае фота: АПК

10 чэрвеня, Позірк. Партнёрствы, заснаваныя на каштоўнасцях, “з’яўляюцца інструментам не толькі салідарнасці, але і рэальнага ўплыву на міжнародны парадак дня”, заявіў прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК) па міжнароднай і еўрапейскай супрацы Уладзімір Астапенка напярэдадні чарговага пасяджэння кансультатыўнай групы “Беларусь — ЕС”.

На яго думку, якую прыводзіць прэс-служба АПК, такія фарматы — гэта “прастора для выніковай працы і чарговы крок на шляху да ўзмацнення суб’ектнасці структур беларускіх дэмакратычных сіл”.

Астапенка лічыць важным, што група забяспечвае “сістэмную камунікацыю” дэмсіл з інстытутамі Еўрасаюза.

“Удзел у гэтай працы дазваляе ўзгадняць практычныя крокі ў галіне падтрымкі грамадзянскай супольнасці, медыя, адукацыі, правоў чалавека і міграцыйнай палітыкі”, — заявіў ён, дадаўшы, што дэмсілы “ўдзячныя партнёрам за гатоўнасць да адкрытага дыялогу” і разлічваюць на “далейшае паглыбленне супрацы, якое застаецца жыццёва важным ва ўмовах працяглых рэпрэсій і пагрозы беларускаму суверэнітэту”.

Сустрэча групы запланаваная ў Бруселі на 11 чэрвеня. Першая і другая сустрэчы кансультатыўнай групы “Беларусь — ЕС” адбыліся ў чэрвені і снежні 2023 года адпаведна, трэцяя і чацвёртая — у чэрвені і снежні 2024-га.

У склад беларускай дэлегацыі на пятую сустрэчу кансультатыўнай групы ўвайшлі дэмакратычны лідар і кіраўніца АПК Святлана Ціханоўская, яе намеснік і кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка, прадстаўнік па сацыяльнай палітыцы Вольга Зазулінская, спікер Каардынацыйнай рады (КР) Арцём Брухан, кіраўніца міжнароднай камісіі КР Аляксандра Мамаева, а таксама прадстаўнікі праваабарончых і іншых арганізацый, грамадзянскай супольнасці, свабодных прафсаюзаў і медыяструктур.

24 траўня ў Варшаве на пасяджэнні АПК прадстаўнікі дэлегацыі абмеркавалі агульную пазіцыю на будучай сустрэчы.

“Асноўны акцэнт — на тым, што сітуацыя ў Беларусі застаецца крытычнай: рэпрэсіі працягваюцца, больш за 1.200 чалавек за кратамі, сотні тысяч вымушаны жыць у выгнанні, а за грамадскую і палітычную актыўнасць па-ранейшаму пераследуюць, — гаварылася тады ў паведамленні прэс-службы АПК. — Падтрымка незалежнасці і суверэнітэту Беларусі, як і дэмакратычнага выбару беларускага народа, застаецца ключавой задачай у стасунках з ЕС”.

Адзначалася, што ў ходзе сустрэчы кансультатыўнай групы будуць узнятыя пытанні “падтрымкі палітвязняў, рэпрэсаваных беларусаў, добраахвотнікаў і іх сем’яў”, “мабільнасці і візавых магчымасцей для беларусаў”, “падтрымкі незалежных СМІ”, “бяспекі ў рэгіёне ва ўмовах вайны ва Украіне”.

Падзяліцца: