Мінск 10:52

“Белавія” працягне лётаць у Дубай “у абыход тэрыторый, патэнцыйна небяспечных для грамадзянскай авіяцыі“

16 чэрвеня, Позірк. На фоне навін аб скасаванні рэйсаў замежнымі авіякампаніямі ў ААЭ і назад у сувязі з ізраільска-іранскай вайной авіякампанія “Белавія“ запэўніла пасажыраў, што “мае намер захаваць перад імі абавязацельствы па выкананні палётаў“.

“Мы робім усё магчымае, каб запланаваны адпачынак пасажыраў адбыўся і ўсе яны шчасліва, а галоўнае — бяспечна вярнуліся дадому. Каб забяспечыць выкананне рэйсаў, авіякампанія скарэктавала маршрут з Мінска ў Дубай і назад“, — паведаміў перавозчык.

Кампанія адзначыла, што яе самалёты лётаюць “у абыход тэрыторый, патэнцыйна небяспечных для грамадзянскай авіяцыі“, паветраныя судны спыняюцца ў Ташкенце (Узбекістан) для дазапраўкі.

“Белавія” працягвае выконваць рэйсы ў Эміраты, хай і з дадатковымі выдаткамі, але без дадатковых грашовых збораў. Гэта адказнае стаўленне да сваіх пасажыраў і перш за ўсё да свайго народу“, — заявіў генеральны дырэктар кампаніі Ігар Чаргінец.

Карэкціроўка маршруту пацягнула за сабой павелічэнне палётнага часу, а таксама змены ў раскладзе, пра якія пасажыры рэйсаў і турыстычныя аператары былі апавешчаныя, адзначае “Белавія“. Рэйс Мінск — Дубай — Мінск выконваецца на самалётах “Боінг-737-800“, час у шляху з улікам тэхнічнай пасадкі і дазапраўкі ў сярэднім складзе 9 гадзін 30 хвілін. Бліжэйшы палёт адбудзецца 17 чэрвеня.

“Мы пастаянна адсочваем сітуацыю ў рэгіёне і выбіраем аптымальны маршрут палёту, каб выканаць усе неабходныя меры бяспекі пры перавозцы пасажыраў“, — заявіла “Белавія“.

13 чэрвеня перавозчык паведаміў аб карэкціроўцы маршруту з Мінска ў Дубай і назад у сувязі з закрыццём паветранай прасторы Ірана. 15 чэрвеня рэйс выконваўся “ў абыход тэрыторый, закрытых і патэнцыйна небяспечных для грамадзянскай авіяцыі”.

Авіяперавозчык паведаміў таксама, што Аб’яднаныя Арабскія Эміраты — “адзіны кірунак, які быў скарэктаваны ў сувязі з эскалацыяй канфлікту на Блізкім Усходзе“, “астатнія рэйсы выконваюцца ў ранейшым рэжыме“.

У ноч на 13 чэрвеня ВПС Ізраіля абстралялі мноства аб’ектаў на тэрыторыі Ірана — для нанясення крытычнай шкоды ядзернаму і ракетнаму патэнцыялу краіны. Былі атакаваныя ядзерныя аб’екты, ракетныя базы, авіябазы, сістэмы супрацьпаветранай абароны, камандныя пункты, а таксама нанесеныя кропкавыя ўдары па вайсковым кіраўніцтве і асобам, якія маюць дачыненне да развіцця іранскай ядзернай праграмы.

Іран адказвае масіраванымі ўдарамі з ужываннем балістычных ракет і беспілотных лятальных апаратаў. Некаторыя ракеты ўпалі ў жылых раёнах Тэль-Авіва, Рамат-Гана, Рышон-ле-Цыёна, Бат-Ямы, Тамры, Хайфы, Петах-Тыкве і іншых населеных пунктаў Ізраіля.

СМІ Азербайджана паведамілі, што на фоне абмежаванняў, уведзеных у паветранай прасторы Ірана, Ірака і Ізраіля, у міжнародны аэрапорт Баку паступілі запыты ад шэрагу авіякампаній “з мэтай забеспячэння бяспечнага працягу палётаў“. Сярод іншых у гэтым аэрапорце здзейсніў пасадку самалёт, які накіроўваўся з Мінска ў Дубай.

16 чэрвеня эмірацкая авіякампанія Flydubai на бліжэйшыя два дні адмяніла рэйсы па маршрутах Дубай — Мінск і Дубай — Санкт-Пецярбург.

Гл. таксама па тэме:

“Абстаноўка вясёленькая”. Як беларуская сям’я перажывае ў Ізраілі першыя дні аперацыі супраць Ірана

Падзяліцца: