Праваабаронцы заявілі пра паборы са зняволеных у шклоўскай калоніі

25 чэрвеня, Позірк. Зняволеным, якія перадаюць грошы папраўчай калоніі № 17 у Шклове, абяцаюць датэрміновае вызваленне, наведванне спартзалу, званкі родным, лепшую ежу і іншыя прывілеі, палітычным — не пагаршаць умовы. Пра гэта гаворыцца ў расследаванні “Катаванні і жорсткае абыходжанне ў папраўчай калоніі № 17 горада Шклова”, якое правялі “Прававая ініцыятыва” і Міжнародны камітэт па расследаванні катаванняў у Беларусі.
“ПК-17 — гэта даволі сучасная калонія, якая валодае развітай інфраструктурай, уласнай вытворчасцю, бытавой, кампутарнай і іншай тэхнікай і абсталяваннем. Уся гэтая сістэма шмат у чым абслугоўваецца і функцыянуе на грошы асуджаных. Сістэма пабораў добра адладжаная”, — адзначаюць аўтары дакумента.
Паводле іх інфармацыі, “перыядычна “мецэнатаў” збіраюць на сходы і паведамляюць, што патрэбныя грошы на нейкія выдаткі калоніі”.
“Фактычна для асуджаных мецэнацтва з’яўляецца адзіным спосабам захаваць сваю годнасць у калоніі: не “стукаць” кіраўніцтву, не станавіцца актывістам і пры гэтым атрымліваць нейкія выгоды. У асноўным спрабуюць адкупіцца асуджаныя па эканамічных артыкулах, карупцыянеры і бізнесоўцы”, — сказана ў расследаванні.
Апытаныя праваабаронцамі былыя палітзняволеныя паведамілі, што тыя, хто спрабуе адмовіцца ад выплатаў, могуць атрымаць праблемы.
“Мецэнат” — гэта не зусім добраахвотнае становішча. Варта табе спачатку добраахвотна на гэта пагадзіцца, з цябе ўжо не злезуць, цябе будуць даіць пастаянна. Сама адміністрацыя, там “блатных” ва ўладзе няма, увесь гэты вакуум чорнай улады заняла адміністрацыя калоніі, яны сталі галоўнымі злодзеямі”, — паведаміў адзін з былых палітзняволеных.
“У нас у атрадзе былі людзі, якія фінансавалі, а потым адмовіліся. Напрыклад, хутка тая ж камісія [па змене меры пакарання], ужо няма сэнсу фінансаваць. Тут ужо пачынаецца зусім іншая размова, пачынаюцца “прад’явы”: “Ах, ты вырашыў саскочыць!” Гэта [даводзіцца] праз актывістаў, сама адміністрацыя гэтага не робіць. “Так справа не пойдзе, мы табе давяралі, дзе грошы!” І тут яму адміністрацыя адразу робіць парушэнне, а з парушэннем ты не праходзіш камісію”, — дадаў другі апытаны.
“Прыязджае камісія, каб убачыць, як жыве зона, а ў зоне няма зэкаў, усё вылізана. Па “Брадвеі” (па тэрыторыі. — “Позірк”.) ніхто не шастае, нават самі супрацоўнікі сядзяць, недзе там схаваліся, толькі будынкі адрамантаваныя паказвае начальнік калоніі [Аляксандр] Карніенка: “Вось гэта мы адрамантавалі, дзяржаўны бюджэт пайшоў сюды, бачце, якая спартзала добрая. А там інвентар спартыўны, усё набіта “мецэнатамі”, — прыгадаў суразмоўца праваабаронцаў.
Палітзняволеным паляпшэння ўтрымання, паводле праваабаронцаў, не прапаноўваюць. “Мы цябе ўвогуле чапаць не будзем, цябе дакладна не будуць садзіць у штрафны ізалятар у адрозненне ад іншых. То бок мы табе лягчэй не зробім, але і горш рабіць не будзем”, — патлумачыў апытаны.
Паводле слоў былых палітзняволеных, тысячу еўра на рамонт атрада (сярэдняя сума) “прапануюць або прымушаюць на “добраахвотнай аснове” перавесці на рахункі старэйшым дзяжурным або аднаму з актывістаў”. Звычайна аплату забяспечваюць сваякі.
“Няхай твае родныя пакладуць грошы на рахунак вось гэтаму крымінальніку, а гэты крымінальнік грошы выпіша на рамонт прамзоны, а табе за гэта будзе паслабленне”, — апісала механізм крыніца.
У дакуменце праваабаронцы канстатавалі, што “ўмовы ўтрымання зняволеных у папраўчай калоніі, асабліва ў штрафных ізалятарах (ШІЗА) і памяшканнях камернага тыпу (ПКТ), парушаюць міжнародныя стандарты”. Да асноўных парушэнняў адносяцца катаванні і бесчалавечныя ўмовы ўтрымання, недастатковае медыцынскае абслугоўванне, неналежнае харчаванне, эксплуатацыя працы зняволеных, дэманізацыя палітычных зняволеных, маніпуляцыі з боку адміністрацыі і выкарыстанне ёй нефармальнай турэмнай іерархіі.

- Грамадства, Навіны ГерманііУ 2024 годзе Беларусь заняла другое месца ў свеце па колькасці выдадзеных Германіяй пяцігадовых шэнгенскіх віз (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- Палітыка, Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаЖанчыны, якія пасля зняволення засталіся ў Беларусі, часцей маюць крытычны ўзровень ПТСР, чым тыя, хто выехаў пасля вызвалення — даследаванне (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаЮрыст Сапелка: Жанчыны ў турмах сутыкаюцца з дадатковымі цяжкасцямі і дыскрымінацыяй (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Палітыка, Эканоміка