Мінск 08:27

Суд ЕС адхіліў скаргу прадпрыемстваў “Гродна Азот” і “Хімвалакно” на адмову зняць з іх санкцыі

Крыніца: сайт Суда ЕС

3 ліпеня, Позірк. Найвышэйшая інстанцыя Суда Еўрапейскага саюза (Court of Justice) 3 ліпеня адхіліла апеляцыйную скаргу прадпрыемстваў “Гродна Азот” і “Хімвалакно” на адмову першай інстанцыі Суда ЕС (General Court) зняць санкцыі з гэтых беларускіх арганізацый.

Савет ЕС увёў абмежавальныя меры ў дачыненні да згаданых прадпрыемстваў 2 снежня 2021 года — за рэпрэсіі кіраўніцтва супраць работнікаў, а таксама за фактычнае фінансаванне рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Арганізацыі палічылі падставы ўключэння ў санкцыйны спіс неабгрунтаванымі і паспрабавалі аспрэчыць рашэнне Савета ЕС. У іску, пададзеным з Суд ЕС, яны пазначылі, што працуюць у адпаведнасці з заканадаўствам, а іх адлічэнні нельга кваліфікаваць як падтрымку ўладаў.

Першая інстанцыя Суда ЕС не прыслухалася да іх аргументаў і сваім рашэннем ад 21 лютага 2024 года пацвердзіла правамернасць увядзення санкцый.

У апеляцыі прадпрыемствы скардзіліся на тое, што першая інстанцыя выкарыстала дакументы, прадстаўленыя імі для абароны, супраць іх. Найвышэйшая інстанцыя ў рашэнні ад 3 ліпеня адзначыла, што першая інстанцыя не сказіла даныя ў іх, а “лагічна вытлумачыла”.

На спробу арганізацый даказаць, што выплаты прыбытку дзяржаве — гэта падатак, а не добраахвотная падтрымка, суд канстатаваў, што нават абавязковы характар ​​адлічэнняў не мяняе сутнасці — грошы пералічваюцца дзяржаве, якая вядзе рэпрэсіўную палітыку.

“Гродна Азот” і “Хімвалакно” ў апеляцыі называлі недаказаным тое, што сумы былі настолькі істотнымі, каб можна было казаць пра “фінансаванне рэжыму”. Найвышэйшая інстанцыя адзначыла, што памер адлічэнняў не мае значэння, дастаткова факту рэгулярнасці выплат, каб лічыць іх унёскам у фінансаванне рэжыму.

Такім чынам найвышэйшая інстанцыя прызнала рашэнне першай інстанцыі правільным, санкцыі захаваныя.

Падзяліцца: