Мінск 14:26

Дуда: Праз міграцыйны крызіс правяралі нашы абарончыя і мабілізацыйныя здольнасці

Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда на мяжы з Беларуссю 4 ліпеня 2025 года
Фота: Канцылярыя прэзідэнта Польшчы

5 ліпеня, Позірк. Пасля 24 лютага 2022 года, калі Расія пачала поўнамаштабны напад на Украіну, няма сумневаў, што на мяжы з Беларуссю праз міграцыйны крызіс правяралі абарончыя і мабілізацыйныя здольнасці Польшчы, яе рашучасць абараніць сябе. Пра гэта заявіў прэзідэнт краіны Анджэй Дуда, наведваючы 4 ліпеня польска-беларускую мяжу.

Паводле слоў Дуды, тэрмін паўнамоцтваў якога завяршаецца 6 жніўня, улады спачатку былі дэзарыентаваныя і не да канца разумелі, што гэта “гібрыдная агрэсія“, калі летам 2021 года пачаўся масавы пераход мігрантаў з беларускай на польскую тэрыторыю па-за пунктамі пропуску.

“Толькі праз нейкі час мы зразумелі, што гэта не выпадковая сітуацыя. Што насамрэч усё гэта адбывалася не толькі з маўклівай згоды беларускіх уладаў, беларускага рэжыму, але і што насамрэч гэта сапраўды было імі інспіравана, праходзіла пад іх заступніцтвам; што мы нават выяўлялі супрацоўнікаў беларускіх службаў, якія проста падштурхоўвалі групы мігрантаў у памежную зону, каб яны нелегальна перасеклі не толькі польскую мяжу, але і мяжу Еўрасаюза і шэнгенскай зоны“, — заявіў прэзідэнт.

Ён падзякаваў сілавым структурам за “гэтую надзвычай ахвярную службу — службу, якая, на жаль, не абышлася без ахвяр”. “І я думаю не толькі пра тых жаўнераў і афіцэраў, якія ў рознай ступені былі параненыя, траўмаваныя пры выкананні службовых абавязкаў. Але перш за ўсё пра салдата, сяржанта Сітэка, які загінуў, выконваючы свае задачы салдата, які абараняе мяжу рэспублікі, будучы першым салдатам, які загінуў пры абароне мяжы рэспублікі з часоў Другой сусветнай вайны“, — сказаў Дуда.

6 чэрвеня 2024 года стала вядома пра смерць польскага вайскоўца 1-й танкавай брыгады Матэвуша Сітэка, параненага на мяжы з Беларуссю ў канцы траўня таго ж года. Паводле інфармацыі Памежнай аховы Польшчы, ён зазнаў напад мігранта, які ў складзе вялікай групы спрабаваў незаконна перасекчы мяжу з боку Беларусі.

Улады ў Варшаве заяўлялі, што мігрант, праз дзеянні якога загінуў вайсковец, пасля здарэння мог застацца ў Беларусі. Яго выдача стала адным з патрабаванняў, пры выкананні якіх Мінск мог бы разлічваць на рух па шляху нармалізацыі адносін.

З пачатку 2025 года Польшча зафіксавала 14,9 тыс. спробаў нелегальнага пераходу з беларускай тэрыторыі (падлік “Позірку” на падставе штодзённых звестак Польскай памежнай службы).

7 ліпеня для ўзмацнення барацьбы з нелегальнай міграцыяй Польшча ўводзіць часовы памежны кантроль на наземнай мяжы з Літвой і Германіяй (выбарачны з нямецкага боку ажыццяўляецца з кастрычніка 2023 года).

Падзяліцца: