Мінск 15:35

Кубракоў хоча пераняць досвед Кітая ў барацьбе з ” экстрэмізмам і тэрарызмам“ 

23 ліпеня, Позірк. МУС Беларусі гатова да ўзаемадзеяння спецыяльных і тэрытарыяльных падраздзяленняў, абмену курсантамі паміж ведамаснымі навучальнымі ўстановамі ў сферы падрыхтоўкі кадраў з Кітаем, заявіў падчас сустрэчы з міністрам грамадскай бяспекі КНР Ванам Сяахунам кіраўнік ведамства Іван Кубракоў.

Паводле інфармацыі прэс-службы МУС Беларусі, яго дэлегацыя ведамства на чале з Кубраковым знаходзіцца з візітам у гэтай краіне.

“Зацікаўлены ў вывучэнні вашага досведу ў барацьбе з транснацыянальнай аргзлачыннасцю, экстрэмізмам і тэрарызмам, незаконным абаротам наркотыкаў, нелегальнай міграцыяй, у забеспячэнні грамадскага парадку падчас правядзення буйных грамадска-палітычных і спартыўных мерапрыемстваў, а таксама дзейнасці падраздзяленняў, якія ажыццяўляюць відэаназіранне і відэааналітыку. Асаблівую цікавасць выклікаюць новыя мадэлі персанальных відэарэгістратараў”, — заявіў Кубракоў.

Ван Сяохун, паводле інфармацыі беларускага боку, “завастрыў увагу на пытаннях захавання палітычнай бяспекі, сумеснага раскрыцця эканамічных злачынстваў і забеспячэння бяспекі праектаў праграмы “Адзін пояс — адзін шлях“,“выказаў асаблівую зацікаўленасць у вывучэнні беларускага вопыту ў сферы барацьбы з кіберзлачыннасцю і абмену інфармацыяй”.

У апошнія гады афіцыйны Мінск актыўна збліжаецца з Кітаем, як з адным з нямногіх хаўруснікаў, якія засталіся ў краіны пасля пачатку палітычных рэпрэсій і саўдзелу ў вайсковай агрэсіі РФ супраць Украіны.

Першы віцэ-прэм’ер Беларусі Мікалай Снапкоў на сустрэчы 21 траўня ў Мінску з намеснікам прэм’ера Дзяржсавета КНР Лю Гачжунам, заявіў, што, нягледзячы на “нелегітымныя заходнія санкцыі”, Беларусь “штогод дасягае рэкордных паказчыкаў” двухбаковага гандлю з Кітаем. Са слоў Снапкова, “за апошнія пяць гадоў” абарот паміж дзвюма краінамі “вырас удвая і летась склаў рэкордныя 8,6 млрд амерыканскіх даляраў”.

Аляксандр Лукашэнка наведваў Кітай 2–4 чэрвеня. У рамках візіту адбыліся яго перамовы са Старшынёй КНР Сі Цзіньпінам. На трэці дзень пасля вяртання, 7 чэрвеня, палітык адкрыў у Мінску нацыянальны футбольны стадыён, пабудаваны, паводле сцвярджэння Лукашэнкі, за кошт Кітая ў якасці “падарунка“.

Тыднем пазней Беларусь наведаў намеснік старшыні Пастаяннага камітэта 14-га Усекітайскага сходу народных прадстаўнікоў Чжан Цынвэй. У рамках візіту адбылася яго сустрэча з Лукашэнкам.

Міністр абароны Віктар Хрэнін удзельнічаў у нарадзе кіраўнікоў ваенных ведамстваў краін ШАС, якая прайшла ў канцы чэрвеня ў Кітаі.

Тыдзень таму з візітам у Кітаі знаходзіўся кіраўнік МЗС Беларусі Максім Рыжанкоў. У чэрвені гэты чыноўнік сцвярджаў, што аб’ём гандлю Беларусі з Кітаем “большы, чым з Еўрапейскім саюзам“, хоць “яшчэ гады чатыры таму“ гэты ўзровень быў “разы ў тры, напэўна, меншы“.

Як “экстрэмізм” беларускія ўлады трактуюць дэ-факта любую праяву нязгоды з імі, не санкцыянаваную ўладамі і не падтрымліваючую іх палітычную і грамадскую дзейнасць, паўнавартасную працу недзяржаўных СМІ.

Падзяліцца: