Аб затрыманні грамадзяніна Беларусі Грузія апавясціла беларускую дыпмісію насуперак яго жаданню — Кісляк
Апублікавана на адкрытай версіі “Позірку” 25 ліпеня 2025 года ў 21:51

25 ліпеня, Позірк. Дэпартамент міграцыі МУС Грузіі апавясціў беларускую амбасаду ў Тбілісі аб затрыманні грамадзяніна Беларусі, хоць ён прасіў гэтага не рабіць, паведаміў “Позірку“ праваабаронца Раман Кісляк.
“У яго пыталіся, ці паведамляць пра затрыманне амбасадзе. Ён адказаў адмоўна, аднак пасля даведаўся ад сваякоў, што яго адмова была праігнараваная. У курсе і амбасада, і МУС Беларусі, куды тэлефанавалі сваякі даведацца, ці не ўводзілася яму забарона на выезд. Там параілі звяртацца ў амбасаду для вырашэння пытання аб вяртанні на радзіму”, — сказаў праваабаронца.
Кісляк, паводле яго слоў, увечары 25 ліпеня накіраваў заяву ў Генеральную пракуратуру Грузіі, у якой апісвае гэтую сітуацыю. Акрамя таго, ён звяртае ўвагу на тое, што ў затрыманні беларуса браў удзел супрацоўнік дэпартамента, які перад гэтым “паглядзеў на яго і на ягоную заяву“.
Як паведамляў “Позірк“, 14 ліпеня беларус (імя рэдакцыі вядома, пакуль не апублікуецца па меркаваннях бяспекі) прыйшоў у дэпартамент з заявай аб наданні прытулку. Спачатку заяву прынялі, затым вярнулі, а самога падаўца затрымалі і змясцілі ў ізалятар пры дэпартаменце. З-за заканчэння тэрміну дзеяння беларускага пашпарта (яшчэ ў 2020 годзе) беларус не абнуляў кароткачасовымі выездамі (т. зв. візаран) дазволены тэрмін бесперапыннага знаходжання ў Грузіі (365 дзён) і знаходзіўся ў краіне нелегальна. Мяняць пашпарт у беларускім дыппрадстаўніцтве (да ўказа Аляксандра Лукашэнкі ад 4 верасня 2023 года гэта было магчыма) ён баяўся праз пагрозу пераследу. Як заявіла ў інтэрв’ю “Медыязоне“ дзяўчына арыштаванага, яго пачалі шукаць беларускія сілавікі “з-за рэпостаў з “экстрэмісцкіх“ рэсурсаў“. У Грузіі грамадзянін Беларусі пражывае з 2016 года і да 2020-га, паводле слоў дзяўчыны, ездзіў на радзіму.
15 ліпеня Тбіліскі гарадскі суд пастанавіў арыштаваць затрыманага на тры месяцы. Паводле слоў Кісляка, у суд не ўдалося перадаць дакументы для абароны беларуса, у тым ліку перакладзеныя на грузінскую мову даклад Камітэта ААН супраць катаванняў і апошнюю справаздачу спецыяльнага дакладчыка ААН па Беларусі Анаіс Марэн (у кастрычніку 2024 года яе змяніў Нілс Муйжніекс). З нагоды гэтага праваабаронца падаў заяву ў Генеральную пракуратуру”.
Аднак затым заяву аб наданні прытулку ўдалося падаць і зарэгістраваць, адбылося першае з двух прадугледжаных інтэрв’ю. “Паводле мясцовых законаў спатрэбілася пацвярджэнне судом яго арышту ў статусе просьбіта прытулку”, — патлумачыў Кісляк.
Паводле слоў праваабаронцы, 18 ліпеня арыштаваны быў дастаўлены ў суд, яго інтарэсы прадстаўлялі два нанятыя адвакаты. Суд прыняў рашэнне вызваліць беларуса, абавязаўшы адзначацца ў Дэпартаменце міграцыі МУС два разы на тыдзень.
Грузінскія ўлады адхіляюць усе заявы беларусаў аб прадастаўленні прытулку. Кіроўная партыя “Грузінская мара” прарасійскага алігарха Бідзіны (Барыса) Іванішвілі пайшла на канфрантацыю з Еўрасаюзам і ЗША, прызнае рэжым Лукашэнкі. Абраны аднапартыйным (апазіцыя адмовілася ўвайсці) парламентам прэзідэнт Міхаіл Кавелашвілі павіншаваў таго з “пераабраннем”. Метады барацьбы з апазіцыяй усё больш нагадваюць беларускія.
Сам Кісляк 11 ліпеня атрымаў канчатковую адмову ў прытулку, прайшоўшы за некалькі гадоў усе мясцовыя інстанцыі. Цягам 30 дзён ён абавязаны пакінуць Грузію. “Але куды выязджаць, калі пашпарт скончыўся? У гэтай сітуацыі ў мяне адна дарога — у Беларусь. Тут шмат пытанняў“, — заявіў “Позірку” праваабаронца.
Кісляк мае намер абскардзіць рашэнне мясцовых уладаў у структурах ААН.
У Грузіі цяпер пражывае каля 12 тыс. беларусаў, якія эмігравалі з-за пагрозы рэпрэсій. Іх колькасць паступова памяншаецца.

- Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаАд пачатку года суседнія краіны ЕС спынілі больш за 26 тыс. спробаў парушэння мяжы з боку Беларусі (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Палітыка, Эканоміка
- ЭканомікаУ першай палове 2025 года сярод несезонных тавараў і паслуг хутчэй за ўсё даражэлі какава-парашок, селядзец і абед у сталовай (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Навіны Германіі, Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- Грамадства, Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка, Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- ГрамадстваДа 2030 года скрынінг спадчынных захворванняў у нованароджаных плануецца павялічыць у сем разоўМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+