Мінск 13:59

Забруджванне вады ў Свіслачы зафіксаванае толькі непасрэдна ў месцы разліву нафтапрадуктаў — Мінпрыроды

Фота: прэс-служба Мінпрыроды

30 ліпеня, Позірк. Гранічна дапушчальная канцэнтрацыя нафтапрадуктаў у вадзе ракі Свіслач (у раёне мінскага Камсамольскага возера) перавышаная толькі непасрэдна ў месцы разліву, паведаміла 30 ліпеня прэс-служба Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.

Лабараторнае даследаванне ўзятых напярэдадні пробаў, праведзенае ў Рэспубліканскім цэнтры аналітычнага кантролю ў галіне аховы навакольнага асяроддзя (РЦАК, заснавальнік — Мінпрыроды), паказала перавышэнне ў 4,2 раза ў месцы ўцечкі; вышэй і ніжэй па цячэнні забруджванне вады нафтапрадуктамі не зафіксаванае.

Пра ўцечку нафтапрадуктаў з пантона на Свіслачы (раён станцыі АСВОД, Цэнтральны раён Мінска) Мінпрыроды паведаміла 29 ліпеня.

Адзначалася, што супрацоўнікі МНС разгарнулі адмысловыя загароды і адпампавалі забруджаную ваду. Маштаб забруджвання тады папярэдне ацанілі як лакальны.

Пазней ведамства паведаміла, што пры дапамозе загараджальных бонаў “выцек адпрацаваных нафтапрадуктаў быў лакалізаваны”.

Бліжэй да вечара спецыялісты пачалі адпампоўваць ваду і рэшткі адпрацаваных нафтапрадуктаў у “ёмістасці для часовага захоўвання, якія будуць знаходзіцца пад кругласутачнай аховай да моманту дастаўкі адкідаў у месца ўтылізацыі”.

“Прычыну здарэння высвятляюць адмыслоўцы. Разгляданая версія — парушэнне герметычнасці двух адсекаў пантоннага прычала (карозія металу)”, — адзначала Мінпрыроды.

2 чэрвеня міністэрства паведаміла пра выцек нафтапрадуктаў з магістральнага нафтаправода Мазыр — Брэст ААТ “Гомельтранснафта “Дружба” ў Мазырскім раёне (Гомельская вобласць). Тады, паводле сцвярджэння прыродаахоўнага органа, трапленне нафтапрадуктаў у водныя аб’екты не было зафіксаванае.

Падзяліцца: